"Пра тую, якая не проста чакала нараджэння Божага, але насіла Яго пад сэрцам" - катэхеза сястры Дар'і Галубковай OV.
Хвала Хрысту! Сёння ўжо другая нядзеля Адвэнту, часу, калі мы чакаем прыйсця Збавіцеля. Мінулы раз мы шмат размаўлялі пра гэты перыяд, яго значэнне, літургію, сімвалы. І сёння мы працягваем заставацца ў адвэнтавай атмасферы і пагаворым пра тую, якая не проста чакала нараджэння Сына Божага, але насіла Яго пад сэрцам – Найсвяцейшую Панну Марыю.
Постаць Марыі Беззаганнай, якая чакае Збавіцеля, узвышаецца над усім Адвэнтам. Здаецца нават, што сапраўдны месяц Марыі – гэта не май, а снежань. Адвэнт нават распачынаецца разам з Марыяй. Па традыцыі у першую нядзелю Папа Рымскі адпраўляе Імшу ў адным з самых галоўных касцёлаў – базіліцы Санта Марыя Баджорэ ў Рыме. Гэта базіліка была ўзнесена пасля Эфескага Сабору, які адбыўся ў 1431 годзе і на якім было падцверджана вучэнне Касцёла аб Божым мацярынстве Марыі. Было афіцыйна абвешчана, што Марыя з’яўляецца Багародзіцай.
Менавіта на час Адвэнту выпадае і ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Адразу ўдакладнім, што маецца на ўвазе зачацце, пачатак жыцця самой Панны Марыі ва ўлонні Яе маці Ганны, а не Езуса Хрыста, як многія часам блытаюць. Гістарычна святкаванне гэтай падзеі ўжо назіралася на ўсходзе ў Ⅶ стагоддзі і вядомае было, як дзень зачацця святой Ганны, маці Марыі. Пазней яно стала распаўсюджвацца і на захадзе, і ў Ⅺ стагоддзі біскуп Кантарберыйскі Анзэльм афіцыйна ўвёў свята ў сваёй дыяцэзіі. Ва ўсім жа Касцёле яно было ўведзена Папам Кліментам Ⅺ у 1708 годзе. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі святкуецца 8 снежня, гэта значыць дзевяць месяцаў перад святам Нараджэння Панны Марыі і ў нашай краіне з’яўляецца абавязковай.
З гэтай урачыстасцю звязана ўзнікненне папулярнага сярод вернікаў набажэнства Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, іх яшчэ называюць малым катэхізмам. Гадзінкі маюць структуру Літургіі гадзінаў, штодзённай малітвы Касцёла, і былі зацверджаныя ў ⅩⅤ стагоддзі. Лічыцца, што на нашы землі іх прынеслі езуіты, і яны сталі вельмі папулярнымі ў народзе.
Што ж азначае Беззаганнае Зачацце Марыі? Гэта азначае, што святая Панна была захавана ад першароднага граху і яго вынікаў, асабістых грахоў, дзякуючы будучым заслугам Яе Сына, які ўзяў на сябе грахі свету. Марыя выйшла з-пад улады шатана. Яе жыццё было беззаганным, гэта адбылося ўжо на самым пачатку. Бог выбраў Яе, маці Свайго Сына, і адарыў паўнатой ласкі. Менавіта так звяртаецца да Марыі Арханёл Габрыель, абвяшчаючы Ёй Добрую Вестку. Арханёл называе Яе – поўная ласкі, ахінутая ў ласку. Выбраная Богам Дзева атрымлівае гэты выключны прывілій праз сваё будучае мацярынства. Кажучы далей словы “Пан з Табой” Арханёл Габрыель паказвае гэтым, што з самага пачатку Панна Марыя мае бесперапынную сувязь з Богам і Яго нястомную апеку.
Трэба ўзгадаць пра важную падзею, якая адбылася 8 снежня 1854 года, калі Папа Рымскі Пій Ⅸ абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта значыць, што праўда аб тым, што Марыя была вызвалена Богам ад першароднага граху і ўсіх астатніх грахоў дзеля будучых заслугаў Яе Сына, з’яўляецца абавязковай і нязменнай для ўсіх вернікаў. У булле, спецыяльным дакуменце Папы з гэтай нагоды, гаворыцца, што Бог прызначыў адпачатку і спрадвеку Свайму Сыну Адзінароднаму Маці, з якой Ён узяў цела. Бог Яе выбраў і ўмілаваў. Гэта не нейкая новая праўда, але вызнанне веры Касцёла ў тое, у ва што заўжды ўсюды і ўсе верылі.
Дарэчы, у ⅩⅨ стагоддзі мелі месца два аб’яўленні Маці Божай, падчас якіх Яна сама падцвердзіла гэтую праўду.
Першае аб’яўленне адбылося ў 1830 годзе сястры Кацярыне Лабурэ. Тады Панна Марыя паказала Кацярыне цудоўны медалік з надпісам: “О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.” Думаю, сябры, шмат хто з вас носіць гэты медалік. На аверсе знаходзіцца выява Марыі з выцягнутымі да зямлі рукамі, пад Яе нагамі змей. На рэверсе – крыж і два сэрцы, Езуса і Марыі.
Другое аб’яўленне адбылося праз чатыры гады пасля абвяшчэння дагмату аб Беззаганным Зачацці і стала нібы пячаткай, якая яго падцвердзіла. Гэта было ў горадзе Лурд, у Францыі. З 11 лютага па 16 ліпеня 1858 года Панна Марыя 18 разоў з’явілася простай пастушцы Бернадэце Субіру. Калі 25 сакавіка ва ўрачыстасць Звеставання дзяўчынка спыталася святую Панну, хто яна? Марыя адказала: “Я ёсць Беззаганнае Зачацце”
Згодна з даўняй літургічнай традыцыяй яшчэ адным важным Марыіным днём у Адвэнце з’яўляецца серада трэцяга тыдня або сухаднёвая серада. Сухія дні – гэта народная назва квартальных дзён малітваў і постаў, якія ахопліваюць сераду, пятніцу і субботу і адбываюцца напачатку кожнай пары году. Пасля літургічнай рэформы сухія дні сталі неабавязковымі, і таму, на жаль, не ўсе пра іх чулі ці ўвогуле практыкавалі.
Дык вось, у сераду зімовых сухіх дзён адпраўлялася так званая Missa aurea, залатая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, асаблівым чынам прысвечаная моманту Звеставання. У Польшчы і суседніх краінах, у тым ліку і Беларусі, гэтая Імша па крысе расцягнулася на ўвесь Авэнт і, такім чынам, паўсталі Рараты.
Раратамі мы называем святую Імшу аб Найсвяцейшай Панне Марыі ў Адвэнце. Такая дзіўная назва паходзіць ад першых слоў спеву «Rorate coeli desuper», што азначае “Cпусціце расу. Дайце расу, нябёсы”. Няма адпаведнага дзеяслова, каб дакладна перакласці слова “Rorate”, а ў беларускім перакладзе мы спяваем “Нябёсы, зліце росы нам. А хмары – справядлівасць”. Гэтыя словы ўзяты з кнігі прарока Ісаі, прарока Адвэнту.
Рараты звычайна адпраўляюцца на світанні або таксама ўвечары, калі ўжо сцямнела. Начная цемра сімвалізуе свет, пагружаны ў цемру язычніцтва перад прыйсцем Мессіі. Яе асвятляюць агеньчыкі ліхтарыкаў і свечак, якія мы прыносім. Таксама, як Хрыстус, наша святло асвяціў цемру граху.
Існуе звычай дастаўляць да шасці свечак на алтары белую раратнюю свечку, сімвал Марыі, як ранішняй зоркі збаўлення, што запальваецца перад усходам сонца справядлівасці, Езуса Хрыста.
Напрыканцы сённяшняй катэхезы хочу ўзгадаць цікавую рэч. У Рэчы Паспалітай існавала традыцыя, што падчас Рарат сем прадстаўнікоў розных станаў у грамадстве, пачынаючы ад караля і заканчываючы ўбогім селянінам, па чарзе запальвалі сем свечак на алтары і паўтаралі адну і тую ж фразу: “Я гатовы да прыйсця Пана!”
Будзьма і мы, сябры, заўжды гатовы. Ці гэта будзе прыйсце на Суд у хвале і моцы, ці міласцівае прыйсце ў прыніжэнні Бэтлеемскай стаенкі.
А я з вамі развітваюся да наступнай нядзелі і зычу плённага перажывання адвэнтавага часу. Пахвалёны Езус Хрыстус!
Шчыры дзякуй за расшыфроўку аўдыёзапісу Наталлі Бабко і Ядзвізе Бабко








