Кс. Андрэй Кеўліч працягваць распавядаць пра кансэкрацыю - увасабленне цела і крыві Езуса Хрыста ў хлебe і вінe на эўхарыстычнай частцы Імшы.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні кансэкрацыяй – самым галоўным момантам святой Імшы, калі хлеб і віно моцай Духа святога перамяняюцца ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.
Пасля таго, як святар паказаў вернікам кансэкраваную Гостую, распачынаецца кансэкрацыя віна.
Галоўны цэлебранс кажа наступныя словы:
Падобным чынам па вячэры
Бярэ келіх, крыху ўзнімае яго над алтаром і працягвае: ўзяў гэты пачэсны келіх у свае святыя i дастойныя рукі, зноў Табе падзяку складаючы, благаславіў i падаў сваім вучням, кажучы: (крыху схіляецца)
БЯРЫЦЕ I ПІЦЕ З ЯГО ЎСЕ: БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ НОВАГА I ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ, ЯКАЯ ЗА ВАС I ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ. ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ.
Падняўшы, паказвае келіх людзям, зноў ставіць на карпарал і з пашанай прыкленчвае.
“Гэта келіх Крыві Маёй”
Дзякуючы мастацкаму прыёму метаніміі ў гэтым выразе замест змесціва згадваецца начынне, таму, па словах св. Тамаша (Quaest. 78, III, арт. 3), насамрэч маецца на ўвазе: “Гэта Кроў Мая, што знаходзіцца ў келіху”.
“Новага і Вечнага запавету”
Гэтых слоў няма ў Святым Пісанні, аднак агульна лічыцца, што яны былі дададзены кімсьці з апосталаў, каб ясна паказаць, што святарства нашага Боскага Пана будзе працягвацца вечна, згодна з прароцтвам псальма 109: “Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка”. Тут таксама ўтрымліваецца алюзія да Старога Запавету, выказаная пры дапамозе супрацьпастаўлення, бо той запавет быў замацаваны крывёю быкоў і казлоў, але не Крывёю Хрыста.
Апосталы маглі таксама ўсведамляць, што Новы Запавет у Крыві Езуса — гэта запавет, прадказаны прарокамі (пар. Іс 55,1 -5 ; Эзх 3 6 ,2 2 -2 8 ), што гэта спаўненне гісторыі збаўлення:
«Вось надыходзяць дні, калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан. Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць маім народам. I больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць». Ер 31, 3 1 -3 4
Запавет, устаноўлены ў крыві Езуса, ці, іншымі словамі, запавет, устанаўленне якога адбылося праз смерць Езуса, — гэта, на самай справе, запавет любові. Любові, для якой не існуюць ніякія межы; любові, якую Езус як чалавек праявіў да Айца; любові, якую Айцец у Хрысце праявіў да ўсіх людзей. Таму гэты запавет — вечны, непарушны, як вечнымі і непарушнымі з ’яўляюцца адносіны любові паміж Айцом і Сынам.
Паднясенне — гэта перадусім хвіліна адарацыі, сузірання Хрыста, прысутнага сярод свайго народу. Яно дапамагае ўсвядоміць, што на алтары здзяйсняецца таямніца, якая пераўзыходзіць нашу штодзённасць; гэта момант, калі мы маем магчымасць затрымацца на хвіліну, адкрыцца на Божае дзеянне і маўчаць.
“Таямніца веры” – такія словы мы чуем адразу пасля кансэкрацыі. Раней, да апошняй літургічнай рэформы, гэтыя словы прамаўляў нячутна толькі святар, а цяпер яны з’яўляюцца часткай асобнай акламацыі, у якой таксама ўдзельнічаюць вернікі.
Найсвяцейшая Эўхарыстыя называецца “таямніцай веры”, таму што яе сапраўдная веліч схавана ад нашых пачуццяў і мы не здольныя нейкім чынам засведчыць гэтую незвычайную перамену ані ў тым выпадку, калі яна адбылася, ані ў тым выпадку, калі яе не было.
Ян Павел ІІ кажа наступнае: «„Mysterium fidei! — Таямніца веры!“ Калі святар прамаўляе або спявае гэтыя словы, прысутныя адказваюць: „Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаем Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале". Гэтымі або падобнымі словамі Касцёл, указваючы на Хрыста ў таямніцы Яго мукі, аб’яўляе таксама сваю ўласную таямніцу: Ecclesia de Eucharistia. <...> Падмуркам і крыніцаю Касцёла з ’яўляецца ўвесь Triduum Paschale, але пэўным чынам ён ёсць <...> назаўсёды ў дары Эўхарыстыі. У гэтым дары Езус Хрыстус перадаў Касцёлу пастаяннае здзяйсненне Пасхальнай таямніцы. У ім устанавіў таямнічую„адначасовасць' паміж тым Triduum і ўсімі мінаючымі вякамі».
Пасля кансэкрацыі святар распачынае адну з трох прадугледжаных для гэтага моманту акламацый, якую працягваюць сабраныя вернікі:
Першая форма:
С.: Гэта вялікая таямніца веры. Н.: Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале.
С.: Mystérium fídei. Н.: Mortem tuam annuntiámus, Dómine, et tuam resurrectiónem confitémur, donec vénias.
Другая форма:
С.: Вызнаем таямніцу веры. Н.: Пане, калі спажываем гэты хлеб і п’ем з гэтага келіха, абвяшчаем Тваю смерць і чакаем Твайго прыйсця ў хвале.
С.: Mystérium fídei. ℟. Quotiescúmque manducámus panem hunc et cálicem bíbimus, mortem tuam annuntiámus, Dómine, donec vénias.
Трэцяя форма:
С.: Вялікая таямніца веры. Н.: Збаўца свету, збаў нас, бо праз крыж і ўваскрасенне Ты нас вызваліў.
С.: Mystérium fídei. ℟. Salvátor mundi, salva nos, qui per crucem et resurrectiónem tuam liberásti nos.
Словы акламацыі дапамагаюць усвядоміць, што збаўчыя падзеі адбываюцца тут і цяпер. Але ўсе акламацыі «выходзяць» таксама ў будучыню, паказваючы тое, што «ўжо ёсць і чаго яшчэ няма». Касцёл, гэта значыць мы ўсе, ужо ўдзельнічаем у хвале Хрыста, хоць яе паўната яшчэ не аб’явілася. Таму таямніца веры, пра якую ідзе гаворка ў акламацыі, — гэта перадусім тое, у што Касцёл верыць, што з ’яўляецца крыніцаю яго жыцця, да чаго ён мае доступ у святых знаках, а не таямніца самой веры як акту.
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над першая эўхарыстычнай малітвай. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00