Што такое арнат, пра яго сэнсавыя і сімвалічныя канатацыі распавядае кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з літургічным адзеннем, якое ўжываецца падчас святой Імшы – пазнаёміліся з аміктам, альбай, цынгулюмам і маніпулам. Сёння мы пазнаёмімся з чарговай літургічнай шатай, якая мае важнае значэнне – а менавіта арнатам верхняй вопраткай біскупа і прэзбітэра.
Арна́т (лац.: ornatus) — верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства.
Апошнім у пераліку прадметаў святога ўбрання ідзе арнат, які па-лацінску называецца казула — маленькая хатка, бо ў сваім старажытным выглядзе ён цалкам ахінаў святара, пакідаючы бачнай толькі галаву.
У пераносным значэнні арнат зазвычай сімвалізуе любоў, бо ён ахінае ўсё цела, як любоў ахінае ўсю душу.
У Беларусі захаваліся арнаты XVII—XIX ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту, адпаведнага пэўнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта пераплеценымі жэмчугам і каштоўнымі камянямі.
Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага, Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага раёнаў). Калекцыі арнатаў XVII—XVIII ст. зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Значная частка арнатаў XVII—XIX ст. — у Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі.
Згодна з меркаваннем большасці літургічных аўтараў, старажытны шырокі арнат знаходзіўся ва ўжытку да шаснаццатага стагоддзя.
Прычына, якую прыпісваюць змене старажытнай формы арнатаў, заключаецца ў тым, што стала складана, асабліва каля шаснаццатага стагоддзя, здабываць адпаведны мяккі матэрыял для іх вытворчасці; бо калі арнаты зрабіць з цвёрдай, нягнуткай тканіны накшталт дошкі, як гэта робіцца цяпер, і захаваць іх старажытную форму, гэта будзе сур’ёзна ўскладняць святару служэнне пры алтары. Але паколькі пад рукою быў толькі такі нягнуткі матэрыял і каб па магчымасці захаваць арнат ад зносу, выкліканага яго падыманнем і складаннем падчас Імшы, палічылі разумным зрабіць выразы з абодвух бакоў.
На ўвядзенне гэтай змены аказала ўплыў і іншая прычына. Пакуль ва ўжытку знаходзіліся арнаты старой формы, цэлебрацыя Імшы ў адсутнасць дыякана і субдыякана была вельмі складанай, бо падчас розных частак Імшы арнат трэба было складаць і падымаць. Паколькі не заўсёды было лёгка мець дапаможных служыцеляў, а таксама з распаўсюджваннем прыватных Імшаў, магчыма, арнатаў такой формы стала недаставаць.
На сённяшні дзень ужываюцца ў асноўным 2 галоўных віда арнатаў: рымскі і гатыцкі. У сваю чаргу сярод рымскіх арнатаў вылучаюць:
Варыянт французскі – калі асноўнае ўпрыгожванне знаходзіцца ззаду; спераду таксама ёсць упрыгожванні, але пераважна больш сціплыя
Варыянт рымскі – калі ззаду ўпрыгожванне ў выглядзе калюмны; спераду – упрыгожванне ў выглядзе крыжа ( у форме літары Т).
Варыянт іспанскі і бразільскі – адрозніваецца ад класічнага рымскага арнату формай (трошкі нагадвае грушу)
Варыянт бельгійска-нямецкі – трошкі адрозніваецца ад французскага формай.
Арнат св. Караля Барамея – нагавае сучасны гатыцкі арнат, але значна вузейшы.
Сярод гатыцкіх арнатаў можна адрозніць:
Арнат св. Андрэя – без каўняра, упрыгожванні ў форме літары Y.
Звычайны варыянт – упрыгожванні нагадваюць тыя, што ўжываюцца ў рымсіх арнатах
Паслясаборны варыянт – як мага менш упрыгожванняў.
Арнат на Усходзе. — Старажытная форма арната дагэтуль ужываецца на Усходзе, ці то ў каталікоў, ці то ў схізматыкаў. Мараніты атрымалі дазвол Святога Пасаду ўжываць арнаты нашага крою, але мы не змаглі даведацца, ці яны насамрэч выкарыстоўваюць іх.
Многія з грэцкіх арнатаў пакрытыя шматлікімі крыжыкамі, якія маюць нагадваць святару, што ён з’яўляецца слугою ўкрыжаванага Настаўніка, мука якога павінна быць перад ягонымі вачыма. У Рускай Царкве арнат біскупа мае шмат маленькіх званочкаў злева, справа, а таксама на рукавах (Romanoff, Greco-Russian Church, pp. 89 and 399).
Нестарыянскі арнат прадстаўляе сабою квадратны кавалак матэрыі, ільну альбо бавоўны, які мае ў цэнтры крыж.
Арнат венгерскіх грэкаў настолькі абрэзаны спераду, што ён амаль не закрывае грудзей.
Сірыйцы называюць арнат Philono. Відавочна, гэтае слова а на старажытнай лацінскай мове — Penula.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем разважанне над літургічным адзеннем, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!








