Пра месца ў касцёле, гісторыю, форму табернакулюма распавядае кс. Андрэй Кеўліч.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з тым, як паводле навучання Касцёла арганізуецца сакральная прастора. Сёння працягваем нашыя разважанні.
Калі ўваходзім у святыню, мы звычайна становімся на калені. Чаму? Адказ я спадзяюся, ведае кожны з нас для таго каб ушанаваць Езуса Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце. Ужываем для гэтага таксама кароткія малітоўныя заклікі нп. “Хай жа будзе праслаўлены Найсвяцейшы сакрамант, праўдзівае Цела і Кроў Пана Нашага Езуса Хрыста” альбо іншыя падобныя малітвы.
1. „Я з Вамі праз усе вякі, аж да сканчэння свету” – Мц 28, 20 – абяцаў Звавіцель Апосталам. І гэтая прысутнасць Пана у Касцёле мае розныя формы, а ў асаблівы спосаб Ён прысутны ў посацях хлеба і віна ў Насвяцейшым Сакраманце. Таму няма нічога дзіўнага што ў каталіцкай святыні ёсць асобнае месца для захоўвання Найсвяцейшага Сакраманту. Называецца яно – табернакулюм.
Слова гэтае мае лацінскае паходжанне і на лацінскай мове азначае “палатка”
Назва мае крыніцу ад старазапавенага Скініі Спакання, у якой захоўвалася Арка Запавету - самая вялікая святасць для майсеевай рэлігіі.
Па-сутнасці, у хрысціянстве табернакулюмы вядомыя ад самага пачатку, і спачатку знаходзіліся нават у прыватных дамах вернікаў – святары і свецкія асобы прыносілі ў свае дамы асвечаны хлеб, каб даць яго тым, хто не змог удзельнічаць у літургіі. Гэта не былі кансэраваныя хостыі, але спецыяльна паблагаслаўленыя хлябы, тзв. Эўлогіі, якія былі раздаваныя хворым і бедным.
Паводле гісторыкаў літургіі, ужо ў IV ст. вядомы звычай захоўвання Эўхарыстыі ў касцёле і табернакулюм пачынае набываць сваю сакральнае значэнне. Спачатку Найсвяцейшы Сакрамант захоўваўся ў сакрыстыі (адсюль можна і выводзіць гэтую назву sacrarium). У сярэднявеччы табернакулюм пачынае набываць форму шафы, якая павешана над алтаром ці ўмурованая ў сцяну каля альбо за алтаром. У Х-ХІ стт. Яго пачалі рзмяшчаць на алтары, што было звязана з развіццём культу Эўхарыстыі.
IV Латэранскі Сабор загадаў (1215), каб Найсвяцейшы Сакрамант захоўваўся з закрытым начынні, і каб пры табернакулюме былі захаваныя меры бяспекі.

Кс. Джон О’Браен у кнізе “Гісторыя Імшы” так апісавае прадпісанні Касцёла адносна табернакулюма ў ІІ палове ХІХ ст.:
“Невялікая скрыня ў цэнтры алтара, якая выглядам нагадвае касцёл, называецца табернакулюмам Найсвяцейшага Сакрамэнту. Менавіта тут пад замком захоўваецца Святая Эўхарыстыя; і Касцёл настолькі дакладна падыходзіць да пашаны, якая павінна аддавацца ёй, што ён падае нават дробныя прадпісанні наконт знешняй і ўнутранай аздобы табернакулюма. Па форме ён можа быць квадратны, шасцівугольны, сямівугольны альбо іншай прыдатнай формы, аднак увенчваць яго не павінны ніякія свецкія прадметы. Таксама яго нельга рабіць такім, каб ён нагадваў штосьці іншае, што не адпавядае яго сакральнаму прызначэнню. Таму, наколькі гэта магчыма, наверсе павінен знаходзіцца крыж, а знешняя частка, калі дазваляюць магчымасці, павінна быць пакрыта золатам. Паколькі дрэва найменш шкодзіцца пры ўплыве вільгаці, разумна рабіць табернакулюм з яго; але калі ён зроблены з мармуру, металу альбо нейкага каменя, яго ўнутраную частку трэба прынамсі пакрыць дрэвам дзеля пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Незалежна ад матэрыялу звонку табернакулюм мусіць быць ахінуты шоўкам, а пад начыннем, у якім знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт, павінен ляжаць чысты карпарал.
Сурова забаронена рабіць табернакулюм так, каб ён служыў падстаўкай для чагосьці яшчэ, нават калі б гэта быў рэлікварый з часцінкай сапраўднага крыжа альбо найбольшага святога ў небе; таксама забаронена рабіць зверху ці знізу шуфлядкі для захоўвання святых алеяў альбо нейкіх прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў прэзбітэрыі ці пры алтары. Ні ў якім разе ў табернакулюме нельга захоўваць пустое начынне: келіх, цыборый, манстранцыю альбо штосьці падобнае. Насамрэч, унутры няможна захоўваць нічога, акрамя святога начыння з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а калі яго з нейкай прычыны няма ўнутры, дзверцы павінны быць заўсёды адкрытыя, каб не ўводзіць вернікаў у зман.
Табернакулюм павінен мець два ключы, зробленыя з золата, срэбра альбо прынамсі пазалочаныя, адзін з якіх павінен захоўвацца ў пробашча, а іншы — у аднаго з ягоных вікарыяў.”
Актуальныя нормы адносна табернакулюма знаходзяцца ў Агульных уводзінах да Рымскага Імшала ў раздзеле:

III. УЛАДКАВАННЕ КАСЦЁЛА
Месца захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі
314. У залежнасці ад будовы кожнага касцёла і згодна з прынятымі мясцовымі звычаямі, Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы125.
Звычайна табэрнакулюм павінен быць адзін і нерухомы, зроблены з моцнага, трывалага і непразрыстага матэрыялу, і зачыняцца так, каб у максімальнай меры пазбегнуць небяспекі прафанацыі126. Яго, перш чым прызначыць для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале127.
315. З увагі на важнасць знаку не варта, каб на алтары, на якім цэлебруецца Імша, быў табэрнакулюм, дзе захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя128.
Таму лепей змяшчаць табэрнакулюм, па рашэнні дыяцэзіяльнага біскупа:
а) альбо ў прэзбітэрыі, па-за алтаром для цэлебрацыі, выбіраючы для яго больш прыдатную форму і месца; не выключаны стары алтар, які больш не ўжываецца для цэлебрацыі (пар. № 303);
б) альбо ў прыдатнай для асабістай адарацыі і малітвы верных капліцы129, якая арганічна злучаецца з касцёлам і добра бачная вернікам.
316. Згодна з традыцыйным звычаем, каля табэрнакулюма павінна заўсёды гарэць адмысловая лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста130.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем разважанне над сакральнай прасторай, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00