Што такое карпарал, пурыфікатар, палла, вэлюм, бурса, чаму так называюцца гэтыя літургічныя рэчы і для чаго яны выкарыстоўваюцца на Літургіі- распавядае кс. Андрэй Кеўліч.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашае знаёмства з тым, як паводле навучання Касцёла арганізуецца сакральная прастора. Сёння працягваем нашыя разважанні.
ЛІТУРГІЧНАЯ БЯЛІЗНА
КАРПАРАЛ
ПУРЫФІКАТАР
ПАЛА
ВЭЛЮМ
БУРСА


КАРПАРАЛ
Назва “карпарал” бярэцца адтуль, што на ім ляжыць Цела нашага Боскага Пана пад выглядам святых постацяў. Неабходна, каб карпарал быў выраблены са льну, бо гэта нагадвае пра ільняное палатно, якім накрылі цела Пана ў магіле. Касцёл так дбае пра гэты прадмет святой бялізны, што дазваляе дакранацца да яго толькі тым, каму дазволена дакранацца да келіха; Мыць яго трэба вельмі асцярожна, у трох розных водах, калі магчыма, без выкарыстання крухмалу. Апошняе прадпісанне звязанае з тым, што існуе небяспека пераблытаць часцінку крухмалу, якая прыстала да карпарала, з часцінкай кансэкраванай Гостыі.
Папа Сільвестр І у 314 годзе сурова забараніў вырабляць яго з шоўку альбо з мяшанай тканіны. Сабор у Рэймсе пацвердзіў гэтую забарону, дадаўшы, што ён павінен быць з найчысцейшага льну, які не можа ні з чым мяшацца, нават з найкаштоўнейшымі матэрыяламі (Kozma, 85). Дзюран кажа (Rationale Divinorum, p. 217), што першапачатковая норма, якая патрабавала рабіць карпарал са льну, была ўведзена ў 132 годзе Папам Сікстам І. Той жа аўтар падае вельмі прыгожую, але хутчэй штучную прычыну гэтага. “Як лён, — кажа ён, — даводзіцца да чысціні толькі пасля доўгай працы, так і цела Хрыста праз вялікія пакуты даходзіць да хвалы Уваскрасення” (ibid.).
У старажытнасці карпарал быў дастаткова вялікі, каб пакрыць усю паверхню алтара, а абавязак яго раскладання, якое наступала толькі падчас аферторыя, з’яўляўся адмысловым прывілеем дыякана, які таксама і складаў яго пасля Камуніі (Kozma, 86). Сёння карпарал раскладаецца на Імшы перад аферторыем.
Карпарал на Усходзе. — Грэцкая назва карпарала — ειλητον, ілітон, штосьці абгорнутае. На ўвазе маецца тое, што Цела Пана было абгорнута ільняной тканінай Юзафа з Арыматэі (Goar, Euchol. Graec., p. 130). Карпаралы, якія выкарыстоўваюцца ва Усходніх Касцёлах, мала чым адрозніваюцца ад тых, што ўжываюцца ў Грэцкай Царкве.
ПУРЫФІКАТАР
Калі пурыфікатар далучыўся да іншай бялізны пры келіху, дакладна невядома, але факт, што ён не згадваецца ніводным аўтарам да трынаццатага стагоддзя. Папа Інакенцій ІІІ, які памёр у 1216 годзе, нічога не кажа пра яго, хоць ён і напісаў вычарпальную працу пра Імшу і яе цырымоніі. Пра яго таксама не кажа Дзюран, хоць ён і дакладна апісвае літургічную бялізну.
Паволе некаторых звестках, манахі ў пэўных кляштарах вешалі кавалак ільняной тканіны на алтары з боку Паслання, каб ім выціраць келіх пасля Камуніі (Bona, Rer. Liturg., p. 297; Kosma, p. 86).
Грэкі выкарыстоўваюць замест пурыфікатара губку на ўспамін пра тую губку, якую ўжывалі пры ўкрыжаванні Пана (Goar, Euchol., p. 151). Грэкі рэдка карыстаюцца ў літургіі чым-небудзь, што не звязана з жыццём нашага Збаўцы на зямлі.
ПАЛА
Ён выкарыстоўваецца для накрывання келіха, каб усярэдзіну не трапілі машкара і пыл.
На працягу першых адзінаццаці ці дванаццаці стагоддзяў карпарал быў такі вялікі, што ён выкарыстоўваўся для накрыцця келіха замест цяперашняй палы. З гэтай мэтай адразу пасля аферторыя яго заднюю частку размяшчалі так, што ім можна было накрыць і гостыю, і келіх. Картузіянцы робяць так дагэтуль (Bona, 207).
ВЭЛЮМ
Вэлюм, які накрывае келіх, зазвычай робіцца з таго самага матэрыялу, што і арнат. Але калі апошні надта цвёрды, то вэлюм рэкамендуецца рабіць з эластычнага шоўку. Колерам жа ён павінен заўсёды адпавядаць астатнім прадметам убрання.
БУРСА
Бурса, у якую па-за Імшою змяшчаюць карпарал і палу, павінна быць з таго самага матэрыялу і таго самага колеру, што і астатняе ўбранне, а ў цэнтры яе павінен быць крыж.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00