
Як варта дапамагаць дзецям з падрыхтоўкай да споведзі? Ці дапушчальна сужэнцам рабіць супольны рахунак сумлення? Колькі часу патрэбна выдаткоўваць на прыпамінанне сабе сваіх грахоў? Катэхеза а. Анджэя Юхневіча OMI.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Працягваем нашыя разважанні ў сувязі са святой споведдзю. Сёння я хацеў бы закрануць тэму таго, як добра падрыхтавацца да святой споведзі, як мае выглядаць добрая споведзь.
Першая рэч. Кожная, нават матэрыяльная, справа мае інструкцыю абслугоўвання. Каб штосьці добра функцыянавала, каб нешта ішло добра, якасна, патрэбны нейкі план і таксама трэба кіравацца гэтым планам, каб дасягнуць сваёй мэты. Таксама і святая споведзь як сакрамэнт мае своеасаблівую інструкцыю абслугоўвання. Мы называем яе “пяць умоваў добрай споведзі”. Думаю, вы гэта ведаеце з першай святой Камуніі. Першае — рахунак сумлення, далей жаль за грахі, потым цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырае вызнанне грахоў, г. зн. сама споведзь, і пасля споведзі так званая пакута, або сатысфакцыя за грахі.
Сёння я хацеў бы засяродзіцца на рэчаіснасці рахунку сумлення. Гэтая назва “рахунак сумлення” можа спачатку ствараць у нас асацыяцыю з банкаўскай сферай: прыход, расход, прыбытак або страта... Падобным чынам мы можам глядзець і на рахунак сумлення. Можа стварацца ўражанне, што Пан Бог глядзіць на мяне, прыглядваецца і зацікаўлены толькі тым, каб пабачыць мае грахі. Гэта, вядома, памылковае разуменне.
Можа нарадзіцца і іншае памылковае разуменне ў сувязі з рахункам сумлення, а менавіта тое, што грахі павінны датычыцца толькі нейкай сферы, напрыклад сэксуальнай сферы або сферы малітвы. Калі я ў гэтай сферы добра сябе паводжу, напрыклад чытаю ўсе свае пацеры, то тады я добры хрысціянін. Гэта выглядае так, быццам я заглядваю ў свой каляндар: ага, тры разы гэта, пяць разоў гэта, ну, усё, да святой споведзі гатовы, рахунак сумлення зроблены.
Важна, каб у маім рахунку сумлення не загінула адна асноўная справа: пошук вытоку зла пры адначасовым адкрыцці дабра, якое я дзякуючы Божай дапамозе змог рэалізаваць. Выток зла і ўсё дабро, якое было зроблена.
Затым пытанне, як зрабіць добры рахунак сумлення, як мае выглядаць добры рахунак сумлення. Канешне, я не прэтэндую на тое, што вычарпаю ўсю тэму, што змагу адказаць на ўсе пытанні. Добра, калі яны народзяцца пры слуханні таго, што я скажу.
Найперш трэба малітвай запрасіць Духа Святога, каб Ён быў асвятленнем сумлення, перакладчыкам, тлумачальнікам, спадарожнікам майго сумлення. Чаму? Бог ёсць па-над часам, у Яго ўвесь час — цяпер. І Ён таксама прысутнічае ў маім мінулым — для Яго гэта актуальны момант. І запрашэнне Духа Святога таксама дапаможа мне пабачыць, што я не толькі вінаваты і грэшны, але я таксама той, пры кім Пан Бог працягвае прабываць. Бог мяне прымае нягледзячы ні на што і дапамагае змяняць жыццё. Гэтае запрашэнне Духа Святога, запрашэнне Бога ў гэты момант вельмі важнае.
Папа Францішак некалі сказаў такія словы: “Бог не стамляецца нам прабачаць — гэта мы стомімся прасіць Яго аб прабачэнні”. А Пан Бог не стамляецца нам прабачаць, таму мы можам спытацца: як Ён глядзіць на грэшніка? Ён глядзіць з любоўю. Гэта важны стартавы момант для той сітуацыі, калі мы пачынаем прыглядвацца да саміх сябе.
Далей пажадана, каб з’явіўся фрагмент Святога Пісання. Гэта таксама вельмі добры момант, таму што Божае святло дапаможа мне не заставацца з самім сабою, а будзе кіраваць. Гэта можа быць фрагмент з кнігі Зыходу, калі Майсей атрымлівае ад Бога дзесяць Божых запаведзяў. Гэта можа быць казанне Езуса на гары, асабліва благаслаўленні (Мц 5). Гэта можа быць гімн аб любові св. Паўла (1 Кар 13). Добрымі з’яўляюцца фрагменты Святога Пісання, якія мне дапамагаюць аб’ектыўна паглядзець на сябе.
Як мае выглядаць сам рахунак сумлення? Гэта, напэўна, мае быць вельмі спакойны момант, без паспешлівасці, у цішыні. Не будзе добра выглядаць рахунак сумлення, калі мы ўжо стаім у чарзе да святой споведзі. Тады застанецца прыгледзецца: якія грахі? якія грахі? так, гэта, гэта, гэта… Гэта не будзе добры рахунак сумлення. Трэба прыглядзецца да самога сябе, таму гэта павінен быць спакойны момант, момант цішыні. Я нават спрабую сам (бо знайшоў такую параду) паспрабаваць перажываць гэты момант рахунку сумлення як паказ фільма — прагляд гісторыі майго жыцця: тыдня, двух тыдняў, месяца, ад апошняй споведзі. Трэба ўявіць сабе гэта: я гляджу з Богам такі фільм свайго жыцця. Ён — сведка майго мінулага.
Падчас рахунку сумлення можна карыстацца кніжачкай: там ёсць пытанні, якія падказваюць. Аднак жа варта памятаць, што там, у гэтых пытаннях, не ўсё адносіцца да мяне і таксама не ўсё ёсць пра мяне. Ёсць справы, якіх там няма, а ўва мне ёсць. Таму важны будзе момант спакою, цішыні, прагляду сваёй гісторыі жыцця.
Варта задаць пытанне пра свой намер пайсці да споведзі. Наколькі шчырае ўва мне жаданне ачысціцца, навярнуцца, аднавіць жыццё, больш глыбока пасябраваць з Панам Богам? Ці гэта цяжар? Намер ісці да споведзі — таксама вельмі добры стартавы момант.
Таксама можна карыстацца такой падказкай. Тры напрамкі: напрамак да Бога, напрамак да бліжняга і напрамак да сябе самога — да майго Я. Як у штодзённасці, у гэтай гісторыі майго жыцця гэтыя рэчаіснасці выглядаюць?
Можна таксама скарыстацца агульным катэхізісам, па чарзе паглядзець, прачытаць усё, што там ёсць. Гэта таксама добра. Я думаю, мы рэдка заглядваем у агульны катэхізіс, а там ёсць энцыклапедыя, можна сказаць, кампендый таго, як я маю жыць, чым кіравацца ў штодзённых выбарах, якімі вартасцямі. І гэта наш кірунак, але прагляд фільма становіцца асновай для майго рахунку сумлення. Гэта форма спакойная, малітоўная, рэфлексіўная. Чаму так? Тады сакрамэнт споведзі перастае быць нейкім абавязкам у тым сэнсе, што, каб зноў атрымаць страчаны стан асвячальнай ласкі, я іду да споведзі вызнаваць цяжкія грахі. А тады споведзь становіцца духоўным распазнаваннем, духоўным кіраўніцтвам і развіццём майго жыцця.
Далей пытанне такое: як часта рабіць рахунак сумлення? Канешне, ідэальна рабіць штодзённы рахунак сумлення, ахвяраваць пятнаццаць хвілін на гэта, праглядзець фільм пра тое, што адбывалася ў маёй штодзённасці. І гэта будзе тады карысна не толькі для споведзі, але і для ўзрастання ў веры і ў духоўным жыцці. Напрыклад, чалавек праглядзеў і зрабіў сабе занатоўкі, нейкія думкі, аб чым пагаварыць са святаром на наступнай святой споведзі. І тады рахунак сумлення становіцца часам адкрывання Божага дзеяння ўва мне, пошукам духоўнага святла; куды Пан Бог мяне клікаў на працягу дня, дзе я хадзіў за Ім, а дзе Яго не паслухаў. Такое распазнаванне натхнення ў падзеях, сітуацыях і асобах.
Наступнае пытанне такое: дзеці павінны рабіць рахунак сумлення самі ці з дапамогай бацькоў, напрыклад, перад першай святой Камуніяй? Канешне, бацькі хочуць дабра, але не трэба рабіць гэтага за сваіх дзяцей. Хтосьці скажа, што дзеці не могуць зрабіць цяжкіх грахоў. Магчыма, але часта яны перажываюць штосьці вельмі асабіста і саромеюцца сказаць пра гэта бацькам. Можа быць такая сітуацыя: напрыклад, дачка скрала ў маці з кашалька грошы, і цяпер мама скажа: ну, хадзем, дапамагу табе, запішу твае грахі. І тады можа наступіць нейкая форма скрыўлення сумлення. Дзіця можа саромецца сказаць усё сваёй маці. Трэба вельмі ўважліва паступаць з гэтым. Лепш, каб бацькі заахвоцілі, распавялі пра свой досвед, як робяць рахунак сумлення, затым можна пайсці з дзіцём у касцёл разам, памаліцца або сказаць, напрыклад: ты пайдзі да споведзі, а я буду тым часам за цябе маліцца. Тады ствараецца вельмі якасная духоўная супольнасць, і тады гэта будзе дапамагаць, а не тое, што я буду яго прымушаць спавядацца спачатку мне, а потым ксяндзу.
Таксама менавіта святар дапаможа дзіцяці падчас споведзі. Таму не трэба вырашаць усяго за сваё дзіця, бо яно таксама мае права дарастаць да святой споведзі паступова, усё больш якасна.
Можа быць так, што сужэнцы у наплыве хрысціянскай руплівасці і шчырасці могуць пастанавіць сабе рабіць рахунак сумлення разам. Добра гэта ці не? Адкрыць падчас рахунку сумлення, што я вінаваты, што павінен перапрасіць, гэта важна. Можна зрабіць перад споведдзю жэст паяднання, жэст прабачэння, просьбы аб прабачэнні, але супольны рахунак сумлення — не. У рахунку сумлення мы закранаем таямніцы, да якіх ніхто не мае доступу, нават сужэнец — толькі сам Пан Бог. Таму супольныя рахункі сумлення не дапамагаюць. Індывідуальна, асабіста можна маліцца адно за аднаго аб духоўным святле, але павінен быць асабіста мой рахунак сумлення.
Вось і ўсё пра гэтую рэчаіснасць. Калі нейкія пытанні будуць нараджацца, вельмі добра, каб яны былі зададзены. Пахвалёны Езус Хрыстус!