Жаль за грахі - гэта не эмоцыі і пачуцці, але акт волі, накіраваны на навяртанне і адрачэнне ад граху. Расказвае а. Анджэй Юхневіч OMI.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння я хачу затрымацца на тэме, якая ідзе пасля рахунку сумлення, а менавіта на тэме жалю за грахі, або скрухі за ўчыненыя грахі.
Найперш трэба заўважыць, што сама святая споведзь змяшчае ў сабе два элементы. Першы — гэта дзеянне самога чалавека, які навяртаецца. Я ўсведамляю ўплыў Духа Святога і хачу навяртацца. Другі элемент — гэта дзеянне святара, адпушчэнне грахоў святаром, які ад імя Хрыста прабачае грахі і вызначае спосаб сатысфакцыі, пакуты.
Трыдэнцкі сабор вучыць нас, што гэтае дзеянне чалавека, які навяртаецца, складаецца з некалькіх элементаў. Найперш гэта жаль за грахі, потым вызнанне гэтых грахоў, а затым сатысфакцыя — выпраўленне крыўды і пакута.
Спачатку чалавек павінен здзейсніць жаль за грахі, скруху за грахі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вельмі прыгожа піша пра гэтую скруху, называючы яе болем душы і нянавісцю да граху з рашэннем не грашыць у будучыні. Вось што змяшчаецца ў гэтай скрусе: боль душы, нянавісць да здзейсненага граху і рашэнне не грашыць на будучыню.
Скруха пачынаецца з рахунку сумлення. Каб шкадаваць за нешта, трэба ведаць, за што. Таму чалавек затрымліваецца і нібы праглядае з Панам Богам фільм пра тое, што адбывалася ў яго жыцці, заўважаючы тыя моманты, калі хадзіў сваімі шляхамі і не хадзіў за Ім.
Далей, калі я ўсведамляю сабе, што не пайшоў за голасам Бога, Які мяне кліча і любіць мяне, я шкадую за гэта. Вынікам гэтага з’яўляецца пастанова выправіцца: калі шкадую, то моцна вырашаю больш гэтага не рабіць.
Затрымаемся над гэтым болем душы. Прыгожая метафара! З аднаго боку, яна добра выказвае глыбінны характар жалю, шкадавання, скрухі. З іншага боку, яна можа выклікаць шмат сумненняў. Таму што да споведзі прыходзіць нехта і кажа: “Ойча, я не ўмею шкадаваць за грахі”. Здаецца, што жаль за грахі — гэта эмацыйнае ўзрушэнне, падобнае да таго, што я страціў сябра або, напрыклад, пасварыўся з жонкай. Жаль, скруха, шкадую, слёзы на вачах… І калі няма гэтага, то чалавек мае нейкі ўнутраны неспакой: я ж, здаецца, не шкадую, бо няма слёз, няма сціснутага нутра.
Святое Пісанне сапраўды кажа пра такі смутак, які вядзе да навяртання. Пра гэта, напрыклад, кажа св. Павел у другім пасланні да Карынцянаў, але там ідзе гаворка аб метаноі. Метаноя — гэта такое навяртанне, калі я сцвярджаю, што тое, што я рабіў, было надта скіравана на мяне самога, на маё эга. І цяпер, усведамляючы гэта, я хачу змяніць напрамак, развярнуцца на 180 градусаў і ісці ў бок Пана Бога. Гэта не столькі эмацыйны стан, колькі ўсвядомлены рух волі: я хачу; не столькі я адчуваю, колькі я хачу ісці ў бок Пана Бога. Акцэнт кладзецца на волю, на маё жаданне ў дадзены момант.
Калі нехта сваёй воляй прызнае, што тое, што ён рабіў, было далёкім ад таго, што хоча Бог, што гэта было дрэнна і сам як хрысціянін хоча ад гэтага адвярнуцца, то гэта ўжо жаль за грахі, прычым дастатковы для святой споведзі.
Ці патрэбны слёзы? Яны могуць з’явіцца, але гэта неабавязковая з’ява і найчасцей непатрэбная. Яны могуць выказаць тое, што перажывае нутро, але не з’яўляюцца абавязковымі.
На чым засноўваецца жаль за грахі? Якое яго адрозненне, якая характэрная рыса? Якія ёсць катэгорыі жалю за грахі? Жаль за грахі бывае падвойны: катэхізіс вучыць, што ёсць дасканалы і недасканалы жаль. Якая розніца паміж дасканалым і недасканалым жалем? Некаторыя нават гэты недасканалы жаль не называюць недасканалым, бо тады здаецца, што ён недастатковы.
Існуе два матывы. Матыў дасканалага жалю выкліканы любоўю да Бога — тым, што я Пана Бога пакрыўдзіў, што я ад Яго адварочваюся. Менш дасканалы жаль вынікае з іншага матыву, напрыклад страху перад Божым пакараннем, з таго, што магу апынуцца ў пекле, што буду назаўсёды адарваны ад Бога. Гэтае пакаранне можа пужаць.
Што характэрна для жалю за грахі? Перадусім гэта павінна быць рэлігійнае дзеянне. Што азначае рэлігійнае? Гэта значыць, што яно звязана з верай і адносіцца да Бога. Ці гэта дасканалы жаль, ці недасканалы, ці недастаткова дасканалы, ён адносіцца да духоўнай рэчаіснасці. Таксама, напрыклад, пекла належыць да праўдаў веры (апошні суд, неба альбо пекла), таму недасканалы жаль ніжэйшы, але таксама дастатковы для святой споведзі.
Характэрна таксама тое, што жаль за грахі мае быць звышнатуральны: гэта адказ на дзеянне Пана Бога ўва мне. Пан Бог дазваляе ўсвядоміць сабе грахі і за іх шкадаваць. Гэта адказ на запрашэнне Пана Бога; ён звышнатуральны. Я не магу натуральным чынам гэтага зразумець, а Пан Бог дае мне духоўнае празрэнне і адкрывае перада мною маё нутро.
Калі чалавек прыйдзе і скажа на споведзі: “Мне неяк некамфортна ўнутры, таму што я зграшыў, зрабіў тое і тое, адчуваю сябе дрэнна”, то гэта не будзе добрым жалем за грахі: псіхічны стан не з’яўляецца матывам для споведзі. Жаль за грахі мае вымярэнне рэлігійнае і звышнатуральнае. Ён адносіцца да Пана Бога і вынікае з крыўды Бога або са страху перад пакараннем Божым.
Што характэрна для жалю, ён мае быць выказаны фармальна, гэта значыць павінен мець нейкую форму. Не хопіць таго, што я недзе ў душы, унутры з любові да Бога пашкадаваў — неабходна, каб жаль быў выяўлены ў нейкай канкрэтнай форме.
Сапраўдны жаль за грахі вядзе да святой споведзі, да ачышчэння. Ён таксама павінен быць шчыры і ўнутраны. Што азначае шчыры? Я не магу прыйсці і шкадаваць панарошку; гэта павінна выплываць з майго нутра і сапраўды перамяняць мяне, бо іначай гэта недарэчны, штучны і несапраўдны жаль, тэатр. А я маю шчыра за ўсё гэта шкадаваць. Духоўны жаль — гэта ўнутранае дзеянне. Эмоцыі могуць быць, але неабавязкова. Мы ўжо пра гэта казалі. Я воляю вырашаю змяніць нешта, воляю вырашаю не рабіць гэтага граху ў будучыні.
Таксама жаль за грахі мае быць паўсюдны. Што гэта азначае? Шкадую за ўсе цяжкія грахі. Калі я прыйду да споведзі і, напрыклад, шкадую толькі за некаторыя цяжкія грахі або скажу, што шкадую за ўсе, апрача аднаго, то я не атрымаю адпушчэння грахоў, таму што я не маю паўсюднага, поўнага жалю за грахі. Ён мае закранаць усе вымярэнні, бо гэта датычыцца не толькі гарызантальнага вымярэння, нашага мірскога, але перадусім Бога: шкадую з увагі на Яго.
Якія перашкоды ёсць у святой споведзі для сучасных людзей? Жаль за грахі падчас споведзі можа для нас быць звязаны са скаргамі. я скарджуся, прыходжу і трохі наракаю, як быццам прашу: я такі бедны, пашкадуй мяне; жалюся на сваю слабасць і тады закрываюся ў коле свайго болю; не ўзыходжу ўгару да Бога, а закрываюся ў сваім жалю. Вядома, у Святым Пісанні ёсць такія моманты, хаця б у псальмах, калі сам псальміст скардзіцца перад Панам Богам. Але нам трэба сталець, узрастаць і ў споведзі пераходзіць ад шкадавання сябе самога да шкадавання за грэх. Я зграшыў, я вінаваты, мне патрэбна прабачэнне. І тут галоўнае ад свайго трагічнага стану адыходзіць вачыма ў бок Пана Езуса. Толькі тады ёсць выратаванне. Узгадайце сітуацыю св. Пятра, які выходзіць да Пана Езуса на возера: пакуль ён глядзіць на Езуса, ён ідзе па хвалях; калі ён пачынае азірацца вакол, бачыць гэты шторм, гэты вецер, гэтыя хвалі, ён пачынае тануць. Зноў: калі ён спаглядаў на Езуса і закрычаў: “Пане, ратуй!”, то Хрыстус схапіў яго за далонь і выратаваў, і яны разам зноў стаялі на паверхні. Гэта важны момант: колькі разоў я буду глядзець на сябе, на свае мінусы, на тое, што ўва мне дрэннае, грэшнае, столькі разоў я буду круціцца вакол сябе і буду няшчасны. Трэба, наадварот, адрываць вочы ад сваіх заганаў і спаглядаць на Езуса.
Яшчэ адно пытанне: што дапамагае абуджаць жаль за грахі? Бо калі я не адчуваю выразнага, можна сказаць, слязлівага жалю за грахі, то што трэба рабіць? Першая справа — гэта мець час. Немагчыма хуценька пашкадаваць за грахі; хуценька зрабіць добры і якасны рахунак сумлення і потым пашкадаваць за грахі; стаяць у чарзе да споведзі і ўжо там шкадаваць за грахі. Трэба мець час, напрыклад скарыстацца адарацыяй крыжа, прыйсці да Езуса Хрыста Укрыжаванага, перад нейкі абраз, выяву, узяць крыж, пабыць сам-насам, можа, правесці Крыжовы шлях. Мой грэх рэальна мае сілу, ён мае ўплыў: ён уплываў на самога Езуса — і вось што з Ім сталася. І гэта дапамагае зразумець і шкадаваць за свае грахі. Можна выкарыстаць Святое Пісанне: фрагмент Евангелля або псальм 51 — крык чалавека, які зграшыў і шкадуе за свае грахі: “Змілуйся нада мною, Пане”.
Далей — ціхае, самотнае месца. Тады святы Францішак, напрыклад, задаваў прыгожае пытанне сам сабе, але і Пану Богу таксама: “Хто Ты, Пане, а хто я? Што Ты зрабіў дзеля мяне, а што я раблю дзеля Цябе”. Гэтае супастаўленне сапраўды паказвае неадэкватнасць і няроўнасць майго адказу на Божы заклік і ўвогуле Божае дзеянне адносна мяне. Гэтае ўсведамленне недастатковасці майго адказу выклікае жаль за тое, што я не зрабіў — не столькі прыніжэнне сябе, колькі руплівасць у адказе Пану Богу.
Яшчэ могуць дапамагаць такія пакутныя набажэнствы, якія арганізоўваюцца падчас рэкалекцый або ў Вялікім посце. Там супольна слухаем Божае слова, нейкія казанні, ёсць нейкія жэсты або паралітургічныя дзеянні, якія дапамагаюць мне яшчэ больш шкадаваць за тое, што не іду за Панам Богам.
Можа быць так, што добра паўплывае на разуменне сваёй аддаленасці ад Бога і жаданне вярнуцца да Яго прагляд добрага, рэлігійнага фільма, хоць бы “Пакутаў Хрыстовых”, нейкая музыка, нейкая хрысціянская паэзія. Гэта ўсё ўзрушвае нашае сэрца, выклікае добрыя эмоцыі, але заўсёды за гэтым усім, акрамя эмоцый, мае пайсці воля: я хачу ісці за Панам Богам, хачу адрачыся ад граху, не здзяйсняць яго ў будучыні. Боль душы павінен выказвацца ў волі. Пахвалёны Езус Хрыстус!