Моцнае пастанаўленне выправіцца, жаданне не грашыць і прагненне быць бліжэй да Бога. Катэхеза а. Анджэя Юхневіча OMI.

Моцнае пастанаўленне выправіцца: што гэта і як?
Пахвалёны Езус Хрыстус! На мінулым спатканні мы сказалі, што Трыдэнцкі сабор вучыць нас пра наступныя тры ўчынкі пенітэнта, чалавека, які спавядаецца: жаль за грахі, вызнанне грахоў і сатысфакцыя.
У душпастырскай практыцы, калі мы спавядаемся, жаль за грахі складаецца з трох элементаў: рахунак сумлення, уласна жаль і пастанова выправіцца. Дзеля таго, каб нашая споведзь была сапраўднай, патрэбны два элементы: жаль і шчыры намер выправіцца. Калі прыглядзецца, то менавіта ў гэтых трох элементах жалю за грахі змяшчаецца ўся нашая гісторыя збаўлення. Калі мы робім рахунак сумлення, найчасцей з нейкага фрагменту нашага жыцця, аналізуем, разглядваем тое, што здарылася, то пазнаныя грахі, якія мы заўважылі, вядуць нас да скрухі перад Богам: тут і цяпер шкадую за гэтыя грахі. І калі я сапраўды шкадую, то маю ўнутры сябе такое перакананне, што мне трэба з гэтага выправіцца — пастанову выправіцца. Гэта быццам бы такое святло, перспектыва, мой позірк, які адкрывае мне на будучыню, над чым працаваць. Добры рахунак сумлення — гэта не толькі распазнанне колькасці і якасці маіх грахоў, але таксама адкрыванне крыніцы, кораня граху: седзячы, разважаючы, шкадуючы, я пачынаю разумець, што мне патрэбна дзеля таго, каб выправіцца; распрацоўваю ў сваёй галаве метад, можна сказаць, лекавання, перспектыву працы над сабою. Жаль за грахі прыводзіць мяне да прагнення выправіцца, быццам да святла на будучыню.
Цяпер пытанне: жаданне выправіцца — гэта воля больш не рабіць наогул зла ці воля не рабіць штосьці канкрэтнае? Падобна як жаль за грахі, наша пастанова выправіцца мае быць паўсюднай, гэта значыць датычыцца ўсіх грахоў і таксама ўсіх магчымасцяў, нагодаў, шляхоў, якія вядуць да граху. Пастанова павінна быць паўсюднай.
Некалі я недзе вычытаў такі анекдот. Катэхет пытаецца ў дзяцей: “Што павінен зрабіць той, хто парушыў адну з дзесяці Божых запаведзяў?” Дзіця з класа адказвае: “Засталося яму яшчэ дзевяць”. Не можа быць так, што я пастанаўляў выправіцца, напрыклад краў і вырашыў, што не буду больш красці, але паколькі я не краду, то пачну гандляваць тым, што крадуць іншыя. Або маёмасць буду нішчыць. Гэта не пастанова выправіцца. Пастанова выправіцца мае на ўвазе ўсе грахі, а таксама ўсе сродкі і прычыны, якія вядуць мяне да граху.
Адна з рысаў нашага намеру выправіцца — ён павінен быць моцны. Што гэта значыць? Нехта будзе гатовы прыняць усе складанасці, нават боль, каб не зграшыць. Складанасці, намаганні, таксама коштам болю, неабавязкова фізічнага, але маральнага, каб не зграшыць.
Трэцяя рыса пастановы выправіцца — гэта дзейснасць. Дзейснасць праяўляецца не ў тым, што я маю сілу не зграшыць. Гэта з дапамогай Божай ласкі, Ягонага дзеяння, праз маё супрацоўніцтва з ім я захоўваю стан сяброўства з Богам.
Можа быць так, што нехта залежны ад нейкага граху і спавядаецца са сваіх грахоўных залежнасцяў, цыклічных грахоў, і ў яго народзіцца сумненне адносна сапраўднасці пастановы выправіцца. Мы кажам не пра вызнанне, што ажно да смерці не зграшу, а пра ўнутранае перакананне волі, што калі б у гэты канкрэтны момант споведзі прыйшла спакуса, то мы адназначна адкінулі б яе. У гэты канкрэтны момант маё рашэнне выглядае так: калі б прыйшла спакуса, я б яе адкінуў.
Воля выправіцца павінна быць канкрэтнай. Што гэта значыць? Не толькі адарвацца ад зла, г. зн., напрыклад, ліквідаваць грэх і ўсе нагоды да граху, але канкрэтнасць таксама выражаецца ў працы над сабой. Мая воля — прыняць намаганне ўласнага духоўнага развіцця.
Наступнае пытанне: у выпадку цяжкіх грахоў, якія паўтараюцца рэгулярна, ці можа спаведнік чакаць ад пенітэнта прадстаўлення нейкай канкрэтнай праграмы выпраўлення? Думаю, што так, асабліва калі мова ідзе пра пазбяганне нагоды да граху. Калі нехта мае праблему з інтэрнэт-парнаграфіяй, трэба размаўляць канкрэтна. Калі нехта жыве перад шлюбам разам са сваім хлопцам ці сваёй дзяўчынай і мае пастаянную праблему з захаваннем перадшлюбнай чысціні, то святар будзе пытацца аб нейкім пацвярджэнні пастановы выправіцца. Што я хачу з гэтым зрабіць? Што я хачу зрабіць, каб не было так, як дагэтуль? І тады прадстаўленне сродкаў дзеяння адназначна тоесна з жаданнем выправіцца, з адарваннем ад граху і ад бліжэйшай нагоды да граху.
Наступнае пытанне: як акрэсліваць дзейснасць пастановы выправіцца? Як самому вызначыць, ці з’яўяецца яна дзейснай? Дзейснасць не мае такога вымярэння, як у матэрыяльным свеце, як, напрыклад, эфектыўнасць парашку: я хачу памыць свае рэчы і правяраю дзейснасць парашку, ці ўсе плямы сышлі. Або, напрыклад, бяру ў рукі дрэль, каб зрабіць у сцяне дзірку, а яе эфектыўнасць выражаецца ў тым, што я зрабіў дзірку або не зрабіў. Гэта зусім іншае вымярэнне. Дзейснасць нашай пастановы выправіцца ў духоўным жыцці азначае адкрыццё на Бога. Я не настолькі буду напрагацца сваімі псіхічнымі сіламі і ўсялякім коштам дасягну сваёй мэты.
Часта пры нашых грахах мы ўсведамляем сваю слабасць і ўсведамляем, наколькі мала мы можам. Залежны чалавек сапраўды можа задаць сабе пытанне: калі грэх цыклічна паўтараецца, як я магу шчыра вырашыць выправіцца, калі ўжо падаў столькі разоў? У многіх сітуацыях складана шчыра сказаць, што я яшчэ раз, нанова падымуся са свайго ўпадку. Але не пра тое мова, каб сказаць сабе на ўсё жыццё: я сваёй сілай вызвалюся з граху! Дзейснасць мае іншае вымярэнне.
Св. Францішак Сальскі, духоўны настаўнік у справе споведзі, кажа так: у духоўным жыцці, якое заўсёды з’яўляецца працэсам, што трывае ўсё наша жыццё, духоўнае ўзрастанне мае асабліва важнае вымярэнне; я павінен навучыцца “выкарыстоўваць” свае грахі. Што гэта значыць? Калі я бачу свае грахі ў Божым святле, то можа быць сорамна, можа быць непрыемна, можа быць няўтульна, але першая рэчаіснасць, да якой мяне маюць прывесці гэтае Божае святло і пазнанне майго граху, гэта акт пакоры, праўды пра мяне самога. І другая справа: лепшае разуменне самога сябе перад Богам, хто я і што магу, а чаго не магу. У гэтым моманце, калі я прызнаю сваю слабасць, сваю грэшнасць, з’яўляецца большы давер да Пана Бога. Не столькі давер да сваіх сілаў, колькі давер да Ягонай усемагутнасці. Ён — крыніца ўсялякага дабра. У святой Імшы ёсць такія словы: “крыніца ўсялякай святасці”. Не я крыніца святасці — у мяне ёсць крыніца святасці, і гэта сам Пан Бог. Перад абліччам сваёй грэшнасці, перад абліччам святасці Бога з’яўляецца большы давер да Яго, чым да сваіх сіл. І калі чалавек бачыць гэта ўсё, бачыць сваю грэшнасць, свае слабасці, свае недамаганні, сваю няздольнасць уставаць з гэтага сваімі сіламі, бачыць святасць Бога, што Ён — крыніца дабрыні, якая ў ім знаходзіцца, то ў штодзённасці чалавек перастае засяроджвацца на грахах іншых людзей.  Так ува мне праяўляецца духоўная сталасць.
Наступнае пытанне: калі можна сцвярджаць, што ўва мне адбываецца духоўнае развіццё, што рэалізуецца духоўнае ўзрастанне? Ёсць два этапы, па якіх можна пазнаваць сваё духоўнае ўзрастанне, развіццё. Першае — гэта пазбяганне цяжкіх грахоў. Калі чалавек быў залежны ад нейкага граху, дзеяння і гэтыя цыклічныя цяжкія грахі паўтараліся, то развіццё будзе ў тым, што я мінімалізую гэты грэх. Ён будзе здарацца ўсё радзей, а з часам гэты працэс прывядзе да таго, што гэты грэх знікне. Выхад з залежнасці — гэта, канешне, доўгі працэс, але змяншэнне гэтага граху і ў рэшце рэшт пазбяганне нагодаў да гэтага граху — гэта і барацьба, і рашэнне, і поспех.
Другі этап, калі я ўжо навучыўся пазбягаць цяжкага граху, гэтыя абставіны становяцца нашмат больш далікатныя: з’яўляюцца так званыя штодзённыя грахі — грахі простыя, грахі нудныя, грахі, злучаныя з нашай штодзённасцю. І калі чалавек прыходзіць і вызнае такія лёгкія, штодзённыя грахі, калі іх нават некалькі, то святар можа запытацца, які з гэтых грахоў выклікае найбольш клопатаў і гэтай адной рэчаіснасці прыглядзецца, падумаць над “супрацьяддзем” для гэтага граху, над нейкім метадам працы з гэтым грахом.
Апошняя думка: пастанаўляючы выправіцца і больш не грашыць, варта памятаць, што толькі Хрыстус не грашыў. Марыя, паколькі была блізкай Езусу, таксама была бязгрэшнай. Мы не зможам ліквідаваць грахі раз і назаўжды. Але гэта не вызваляе нас ад абавязку намагацца быць больш блізкімі да Бога. І гэта намаганне на ўсё жыццё, такое дамашняе заданне намагацца як мага больш не толькі не грашыць, але і быць каля Бога ў штодзённасці думкамі, сэрцам, эмоцыямі, матывацыямі — гэтым усім старацца набліжацца да Яго. І ў гэтым ёсць пастанова выправіцца з грахоў: быць яшчэ больш блізкім Пану Богу. Думаю, гэтая перспектыва заўсёды адкрытая; няма ніколі абмежавання. Не толькі бачу грэх, не толькі бачу шляхі, якія да яго прыводзяць, але перш за ўсё хачу працаваць над сабою, хачу прыняць намаганне духоўнага ўзрастання. Пахвалёны Езус Хрыстус!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00