
Лекі і парады для людзей са скурпулёзным сумленнем ад а. Анджэя Юхневіча ОМІ.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Хачу сёння закрануць тэму споведзі скрупулёзнага чалавека. Спачатку варта растлумачыць, што такое скрупулёзнасць. Недзе ў слоўніках я знайшоў такі станоўчы вобраз, што гэта чалавек дакладны, руплівы, той, які клапоціцца пра дробязі. Аднак жа ў штодзённым жыцці, духоўнымі ці псіхалагічным, скрупулёзнасць насамрэч з’яўляецца складанай рэчаіснасцю.
Існуе такое слова “скрупул”, якое дакладна азначае маленькі востры каменьчык, які ў старажытнасці з’яўляўся мерай: пры яго дапамозе мералі вагу. Ён меў вагу трошкі больш за адзін грам. Таму скрупул — гэта таксама маленькая рэч, да якой мы прывязваем вялікую вагу.
Скрупулёзнасць адзін з духоўных айцоў растлумачыў так, што гэта стан чалавека, які з малаважных або неасэнсаваных прычын непакоіцца, што дадзенае дзеянне з’яўляецца дрэнным, хаця яно такім не з’яўляецца, або што ён горшы, чым ёсць на самой справе. Такі чалавек церпіць на хваравіты страх перад грахом, шукае яго там, дзе яго няма.
Прыходзяць да споведзі такія людзі, якія баяцца, даслоўна нават кажуць, што немагчыма паварушыцца ўправа-ўлева — і ўжо зграшыў. Такі ўнутраны страх: хрысціянства як прабыванне ў акопе. Сядзіш і баішся, з якога боку будуць страляць.
Што рабіць? Перш за ўсё трэба пашукаць пастаяннага спаведніка. Калі я прыходжу да новага, чарговага спаведніка, калі пачынаю занадта дробязна разважаць над нейкімі справамі, падрабязна расказваць абставіны граху, то спаведнік можа спыніць мяне і сказаць: “Давярай Богу”. І калі я чую гэтыя словы, у мяне могуць нараджацца чарговыя страхі і сумненні. Можа, я нешта дрэнна сказаў? Калі гэта мой спаведнік, то ён цярпліва дапамагае выходзіць са страху і таксама ісці наперад, не таптацца на адным месцы.
Пастаянны спаведнік таксама дапамагае распазнаць, ці гэты мой здзейснены ўчынак — гэта сапраўды нейкая маральная праблема, і тады гэтыя скрупулы і сумненні ўва мне аказваюцца часовымі. Хопіць таго толькі, што спаведнік падкажа мне, пакажа накірунак, і адразу гэта мяне адпускае, і наступае супакой сэрца. Калі ж, аднак, будзе распазнана, што патрэбна дапамога псіхатэрапеўта, псіхолага, то найчасцей гэта звязана з больш трывалым станам назойлівасці. Гэта можа быць звязана са складаным дзяцінствам, нейкімі стрэсамі, перапрацаванасцю або проста пераўзыходам маёй інтэлектуальнай сферы над іншымі сферамі: духоўнай, псіхалагічнай. Разумова спрабую падыходзіць да ўсяго, не атрымліваецца, і адсюль нараджаюцца нейкія стрэсы.
З боку спаведніка ў такой сітуацыі неабходна шмат цярплівасці і далікатнасці. Гэта дапаможа чалавеку, які мае скрупулёзнае сумленне, скрупулёзны падыход да жыцця, давяраць спаведніку. Спаведнік выклікае давер, і тады, калі ёсць давер, калі пенітэнт не адкідвае прапановаў, спаведнік можа неяк распарадзіцца, параіць, нават загадаць гэтаму чалавеку, і ён проста прыме гэта. Бо кожны скрупулёзны чалавек мае клопаты з тым, каб прыняць парады. Ён больш глядзіць у сваё нутро, што там адбываецца, і парады прымае цяжка. Калі з’яўляецца давер да спаведніка, то нашмат лягчэй. Спаведнік можа сказаць, што гэта трэба адкінуць, не вяртацца да гэтага, а лепш глядзець у іншы бок. Таксама давер дазваляе лягчэй прымаць гэтыя лекавальныя сродкі.
Ці ёсць нешта, што можна параіць не рабіць скрупулёзнаму чалавеку? Напэўна, нельга параіць генеральную споведзь. Кожнае вяртанне да вызнаных ужо грахоў можа выклікаць у скрупулёзным чалавеку боль, цярпенне, мукі і сумненні. Таму генеральная споведзь такому чалавеку не рэкамендуецца. Спаведнік цярпліва вучыць не глядзець на жыццё толькі праз прызму грахоў. Скрупулёзны чалавек найчасцей думае не столькі пра Пана Бога, колькі пра сваю асабістую дасканаласць, а паколькі яе няма, ён яе не заўважае і пачынае духоўна пакутаваць, адчуваць боль у душы, заніжаную самаацэнку і г. д. Трэба цярпліва вучыць глядзець на жыццё праз прызму дабра. Напрыклад, добрай парадай спаведніка будзе, каб наступную споведзь пачаў ад падзякі; сказаць дзесяць сітуацый, абставін, якія ад апошняй споведзі былі добрымі. Трэба глядзець на сваё жыццё праз прызму дабра.
Найчасцей крыніцай праблем у гэтай сітуацыі з’яўляецца вобраз Пана Бога. У пачатку нашых разважанняў я казаў пра гэты вобраз Бога. Найчасцей скрупулёзны чалавек мае вобраз жорсткага Бога, халоднага Суддзі, які, як кантралёр, глядзіць на кожны мой крок. Таксама прычынай можа быць імкненне быць бязгрэшным і празрыстым, не зрабіць ніякай памарачкі. І гэты перфекцыянізм прыводзіць чалавека да страху, таму што ён бачыць усе свае недахопы, баіцца іх, але таксама баіцца Пана Бога, які можа асуджаць за гэта ўсё і нават караць. Пазбавіцца памарак для яго азначае быць годным сакрамэнту. Калі я пазбаўлюся памарак, я станаўлюся годным сакрамэнту, магу яго прымаць. А так я недастойны, мне нельга. Найчасцей гэта бывае так, што нехта на сваім адзенні бачыць нейкія пылінкі, і ўсе пылінкі мусіць пазбіраць, тады будзе добра выглядаць. Так і ў духоўным жыцці. Найчасцей гэта ўжо нейкая псіхалагічная праблема. Таму добры спаведнік павінен адчуць: калі ўжо гэта стан фобіі, страху, то патрэбна дапамога спецыяліста, добрага, якаснага псіхатэрапеўта, які навядзе супакой у псіхалагічнай сферы.
Бывае так, што гэтае скрупулёзнае сумленне з’яўляецца вынікам працы бацькоў у выхаванні. Не раз можна з вуснаў бацькоў пачуць у адрас дзіцяці: не рабі так, таму што Бозя ўбачыць. І гэты вобраз страшнага Бога, якога трэба баяцца, які з’яўляецца пагрозай, вельмі лёгка выкарыстоўваць у выхаванні. Чаму вельмі лёгка? Бо цяжэй са сваім дзіцём прабываць, цярпліва тлумачыць яму. Нашмат прасцей пагразіць пальцам, каб выклікаць у дзіцяці страх перад нейкай рэчаіснасцю, у гэтай сітуацыі — перад Богам, што Ён усёбачны і што Ён бачыць, што я раблю нешта дрэннае, таму Ён можа мяне пакараць. Здаецца, педагагічна, але адначасова ўводзіць шмат заблытанасці ў нутро такога дзіцяці і потым можа даць як плён скрупулёзнае сумленне.
Таму лекавальным сродкам з’яўляецца добры спаведнік, пастаянны спаведнік, да якога я звяртаюся, з якім размаўляю і дзялюся сваімі клопатамі. І другая справа — гэта вобраз Пана Бога, які я нашу ў сваім сэрцы. Варта правяраць, які ёсць мой Бог. Лекавальным ёсць Евангелле, дзе святы Пётр ідзе па ўзбураным возеры, бачыць навакол сябе хвалі, пачынае тануць і тады кліча: “Пане, ратуй!” — і Хрыстус яго падымае з глыбінь возера. Лекавальным чаму? Таму што я маю глядзець не на хвалі вакол мяне, не на сваю слабасць, што я магу сумнявацца, а мае вочы павінны заўсёды быць скіраваны на Езуса Хрыста. Вялікая барацьба ў гэтай сітуацыі для скрупулёзнага чалавека — адарваць вочы ад самога сябе і скіраваць на Пана Езуса, Які ёсць перада мною.