
Што можа стаць прычынай неатрымання ласкі прабачэння грахоў падчас святой споведзі - расказвае а. Анджэй Юхневіч ОМІ.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння мы супольна паразважаем над яшчэ адной тэмай, звязанай са святой споведдзю, а менавіта над грахамі, якія святар не можа адпусціць.
Напачатку варта падкрэсліць, што кожны ахрышчаны чалавек мае права атрымаць адпушчэнне грахоў. Калі ён мае адпаведную падрыхтоўку, адпаведную ўнутраную паставу для атрымання сакрамэнту, то ён мае права атрымаць адпушчэнне грахоў. З катэхізіса мы добра ведаем грахі супраць Духа Святога, якія нейкім чынам выключаюць змену і закрываюць нас на дзеянне Пана Бога. Варта іх пералічыць: грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць; роспач, або сумненне ў Божай ласцы; супраціўляцца спазнанай праўдзе веры; зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку; закамянеласць у грахах; адкладаць пакаянне аж да смерці. Гэтыя грахі супраць Духа Святога закрываюць нас на ўнутраную змену і таму не могуць быць самі па сабе адпушчаны, бо чалавек найчасцей закрываецца на ласку Пана Бога, на Ягонае ўздзеянне і ўплыў.
Таксама існуюць грахі, зарэзерваваныя толькі для Апостальскага Пасаду. Гэта грахі, якія звязаны з адлучэннем ад Касцёла: знявага кансэкраваных постацей, фізічнае насілле або забойства Папы, адпушчэнне грахоў саўдзельніку ў граху супраць шостай запаведзі, удзяленне біскупскага пасвячэння без дазволу Папы, непасрэдная здрада таямніцы споведзі, намаганне ўдзяліць святарскія пасвячэнні жанчыне. З гэтымі грахамі звязана не толькі страта асвячальнай ласкі, сяброўства з Богам, глыбокіх адносінаў з Ім, але і экскамуніка — адлучэнне ад супольнасці (лац. ex + communio — па-за супольнасцю). У такім выпадку чалавек ужо не можа так проста карыстацца сакрамэнтамі, таму што патрабуе асаблівага працэсу далучэння да супольнасці, з якой быў выключаны.
Да нядаўняга часу сярод гэтых грахоў, звязаных з карай экскамунікі, знаходзіўся аборт. Аднак Папа Францішак пасля абвешчанага ў Касцёле Года міласэрнасці ўдзяліў дазвол кожнаму святару, які мае права спавядаць, адпускаць гэты грэх і знімаць кару экскамунікі.
Варта таксама нагадаць, што кару экскамунікі можа атрымаць толькі член Каталіцкага Касцёла, які ведае, што за дадзены ўчынак, за дадзены грэх пагражае экскамуніка. Значыць, калі чалавек здзяйсняе, напрыклад, аборт, не ведаючы, што гэта цягне за сабою экскамуніку, то ён у гэтай сітуацыі ў яе не трапляе.
Ёсць сітуацыі, напрыклад, калі святар публічна апавядае са споведзі і здраджвае, хто і што зрабіў: тады ён аўтаматычна атрымлівае гэтае пакаранне. Або, напрыклад, калі святар адпускае грахі свайму саўдзельніку супраць шостай запаведзі, то ён таксама падпадае пад гэтую касцёльную кару. Святары найчасцей аб гэтым ведаюць, таму што яны даведаліся пра гэтыя рэчы ў семінарыі. Гэта для святара не штосьці новае: ён здзяйсняе гэты ўчынак, ведаючы пра гэта.
Ці гэта ўсе грахі, за якія святар можа адаслаць чалавека без адпушчэння грахоў? Вернік можа сустрэцца з адмовай у адпушчэнні грахоў у сувязі з кожным, можна сказаць, “банальным” грахом. Напрыклад, ён крыўдзіць людзей у інтэрнэце або абгаворвае свайго шэфа, не моліцца, занядбоўвае выхаванне дзяцей ці адносіны са сваім сужэнцам — за гэтыя грахі таксама можна не атрымаць адпушчэння. Калі?
Тут варта заўважыць, што святар не з’яўляецца ўласнікам адпушчэння грахоў. Ён не мае права адмовіць у адпушчэнні грахоў, таму што яго, напрыклад, раздражняе гэты пенітэнт або таму што ён сёння дрэнна сябе адчувае, ён сёння злы, устаў не з той нагі, таму не дае адпушчэння грахоў; або раздражняе яго колькасць і цяжкасць гэтых грахоў, таму не дае адпушчэння. Так не можа быць: святар не з’яўляецца ўладальнікам адпушчэння грахоў. Роля святара заключаецца ў тым, каб выслухаць канкрэтную асобу і распазнаць яе ўнутраную паставу — ці добра чалавек падрыхтаваны.
Што азначае гэтая ўнутраная пастава? Мы казалі пра гэта на папярэдніх спатканнях: выкананы рахунак сумлення, у чалавеку ёсць скруха за грахі, ён усведамляе сабе цяжкасць граху, яго нутро сціскаецца, ён адчувае боль, хоча больш не грашыць, пастанаўляе выправіцца і жадае выправіць вынікі сваіх грахоў, прымае сатысфакцыю — чалавек хоча змяняцца на лепшае. Гэта і ёсць унутраная пастава, з якой ён прыходзіць у дадзены момант да святой споведзі. Святар не мае права ў такой сітуацыі адмовіць у адпушчэнні грахоў.
Аднак, калі спаведнік заўважае нейкую ўнутраную заўзятасць, што чалавек па ўласнай волі трывае ў найменшым граху і, больш таго, не намераны нават паспрабаваць выправіцца з яго, тады святар не столькі не хоча, колькі не можа ўдзяліць адпушчэнне грахоў. Заўзятасць, трыванне ў граху па ўласным жаданні і адсутнасць намеру нават паспрабаваць выправіцца з яго закрываюць чалавека на Божую ласку. І гэта не тое, што святар сквапны і не хоча даць адпушчэнне — такі мой унутраны стан. І тое, што святар мяне адсылае без адпушчэння грахоў, не азначае, што я згублены. У дадзены момант мне трэба затрымацца і яшчэ раз пераасэнсаваць усё: перагледзець сваё сэрца, сваё жыццё, тое, у якім стане я знаходжуся. І тады ўжо, усведамляючы самога сябе, свае грахі, свой стан, свае адносіны з Богам, з бліжнімі, трэба яшчэ раз падысці да святой споведзі. Заўсёды гэтае затрыманне адпушчэння звязана з надзеяй на выпраўленне. Святар не адпускае грахі, таму што спадзяецца, што вернік распазнае свой стан, сваю закрытасць на Пана Бога і тады прыйдзе яшчэ раз па ласку Пана Бога, па атрыманне еднасці з Касцёлам і Панам Богам.