
Адкуль з'явілася споведзь у хрысціянаў - расказвае а. Анджэй Юхневіч OMI.
Пахвалёны Езус Хрыстус! Мы заканчваем наш цыкл разважанняў над святой споведдзю, і хочацца напрыканцы нашых спатканняў закрануць тэму гісторыі развіцця сакрамэнту святой споведзі. Канешне, гэта вельмі вялікае скарачэнне таго, што трэба было б сказаць; мы зробім гэта без паглыблення ў падрабязнасці.
З чаго ўсё пачынаецца? Святая споведзь пачынаецца ад самога Пана Езуса, Які пасля ўваскрасення адорвае апосталаў здольнасцю адпускаць грахі. У Евангеллі св. Яна мы можам прачытаць наступнае. Спачатку Хрыстус пасылае сваіх апосталаў, даючы ім місію, а пасля евангеліст запісвае:
Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца”.
Тую ўладу адпушчэння грахоў, якую Пан Езус меў сам, Ён перадае сваім апосталам. Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца тым, хто ад нашага імя прайшоў шлях Пасхі, гэта значыць пераход з цемры смерці да жыцця, пераход ад свавольства да спаўнення волі Айца, і цяпер гэты дар Пасхі, якім сам з’яўляецца, Ён пакідае сваім апосталам. Моцай таго ж Духа Святога, якім Ён пранікнуты як Уваскрослы, яны дзейнічаюць ад Яго імя. Святар і апосталы ўваскрашаюць душы, памерлыя ў выніку граху, не сваёй моцай, а моцай Езуса Хрыста Уваскрослага. Езус не дае прадпісання, як мае выглядаць святая споведзь. Ён дае Духа Святога, і Дух Святы дапамагае зразумець, што значыць улада адпушчэння грахоў і ўлада затрымання грахоў.
Калі паглядзець на гісторыю Касцёла, то ад пачатку Касцёла да сённяшняга дня нічога не змянілася, апрача формы. І гэта зусім не дзіўна. Знешнюю форму сакрамэнту споведзі Касцёл змяняе, таму што на гэта ўплываюць два фактары: з аднаго боку, пачынаецца глыбейшае асэнсаванне значэння святой споведзі, магчымасцяў сакрамэнту споведзі; з іншага боку, з часоў Езуса павялічылася колькасць вернікаў і змянілася іх духоўнае функцыянаванне. Гэта ўсё прыводзіць да таго, што Касцёл распазнае знакі часу і прымае адпаведную форму сакрамэнту споведзі. Таму сённяшняя форма — гэта вынік развіцця жыцця Касцёла.
Як было напачатку? У пачатку хрысціянства лічылася, што хрост з’яўляецца яднаннем з Богам, і пасля хросту чалавек ужо не павінен здзяйсняць грахоў. Гэта вельмі аптымістычны погляд, нават занадта аптымістычны. Таму ўжо ў 150 г. манах Ерма ў сваім творы “Пастыр” апавядае пра аднаразовую пакуту пасля хросту, можна сказаць, такі другі, або паўторны, “хрост”. Толькі адзін раз пасля хросту можна было навяртацца. І так было некалькі стагоддзяў. Толькі адзін раз чалавек мог адпакутаваць за цяжкія грахі, такія як чужалоства, забойства і апастазія, гэта значыць адрачэнне ад сваёй веры.
Калі трываў пераслед хрысціянаў у Рымскай імперыі, не ўсе, канешне, хацелі быць мучанікамі, таму некаторыя адварочваліся ад сваёй веры. Але пасля таго, як пераслед заканчваўся, яны хацелі вярнуцца ў супольнасць, і трэба было распрацаваць нейкую форму пакуты. Біскуп публічна даваў такую пакуту, і калі пакута заканчвалася, лічылася, што чалавек прабачаны.
Усё гэта трывала да VI ст. У гэты час у Еўропе пачынаюць дзейнічаць манахі. У манастырах яны спавядаліся індывідуальна, практыкуючы вушную споведзь перад святаром і адпраўляючы асабістую, а не публічную пакуту. Евангелізуючы паўночную і заходнюю Еўропу, яны ўносілі гэтую форму споведзі ў супольнасці хрысціянаў. Так пашырылася споведзь перад святаром, яму на вуха і адпраўленне асабістай пакуты.
Спачатку сама форма выглядала інакш, таму што, калі хтосьці здзейсніў цяжкі грэх, ён павінен быў спачатку атрымаць ад святара пакуту, адпакутаваць, а потым вярнуцца святара па адпушчэнне грахоў. Цікава, што духоўныя асобы атрымлівалі нашмат больш складаныя і цяжкія пакуты, чым свецкія асобы. Ад духоўных асобаў заўсёды патрабавалася больш. Думаю, гэта добра.
Далей у галіне святой споведзі з'явілася пэўная форма перабольшвання, а менавіта кнігі з апрацаванымі пакутамі, дзе было сказана, за якіх грэх якую пакуту трэба было выконваць. Закралася такое злоўжыванне: багатыя замест пакуты плацілі грошы. Гэта прывяло да таго, што форма святой споведзі змянілася: спачатку чалавек ідзе вызнаваць грахі, затым атрымлівае адпушчэнне грахоў і ідзе выконваць пакуту. Гэтая схема святой споведзі функцыянуе і сёння. Я іду і вызнаю грахі, якія ўсведамляю, атрымліваю адпушчэнне грахоў і пасля іду выконваць дадзеную пакуту. Гэтая форма засталася.
Чацвёрты Латэранскі сабор у 1215 г. пастанавіў, што кожны католік прынамсі раз на год павінен спавядацца. Паглядзіце: так было ўжо з XIII ст. Адкуль гэта ўзялося? Адтуль, што людзі адчувалі сябе не годнымі святой споведзі і святой Камуніі. Таму Айцы Сабору вырашылі пастанавіць, што вернік мае абавязак прынамсі раз у год спавядацца і прымаць святую Камунію. Пан Бог са сваёй ласкай і міласэрнасцю чакае чалавека, а чалавек годны прыступаць да алтара пасля святой споведзі.
Трыдэнцкі сабор у адказ на рэфармацыю Марціна Лютэра наводзіць парадак у тым неспакоі, які з’явіўся ў сувязі са святой споведдзю, грахом, адпушчэннем грахоў, адпустамі, і ўпарадкоўвае навучанне аб споведзі, дзе падкрэслівае, што святая споведзь з’яўляецца паўторным сакрамэнтам: яго можна паўтараць.
Не так адлеглы ад нас Другі Ватыканскі сабор звяртае ўвагу на супольнасны характар споведзі. Яна не толькі яднае нас з Богам, але таксама яднае нас з супольнасцю Касцёла. Сабор кладзе націск на супольнаснае вымярэнне, і адначасова гэты супольнасны характар не адмяняе індывідуальную, вушную форму святой споведзі — споведзі перад святаром, на вуха — і індывідуальную пакуту.
Як споведзь выглядае сёння? Асноўная форма — гэта споведзь у святара. Мы ідзём да Пасрэдніка Божай ласкі Езуса Хрыста. Тут варта ўзгадаць, як я хадзіў па калядзе, наведваючы дамы. Падчас размовы з адной старэйшай жанчынай я пачуў ад яе, што яна не карыстаецца пасрэднікамі і паміж Богам і сабою не хоча пасрэднікаў. Таму вяртаемся да пачатку. Псіхолагі і псіхатэрапеўты патрэбны, але яны не з’яўляюцца дастатковымі. Гэта вельмі модна: медытацыі, ёга, нейкія формы, якія замяняюць святую споведзь і не патрабуюць столькі сораму. Самі мы не здолеем пацягнуць свае грахі. Зрабіць гэта можа толькі Езус Хрыстус: укрыжаваны Пан з’яўляецца крыніцай нашай сілы і прабачэння. Ягоная Пасха — гэта крыніца для нас. Гэтую споведзь Ён пакідае сваім апосталам, Ён дае Пасху ў рукі апосталам, каб яны раздавалі яе далей, сам выбіраючы для гэтага пасрэднікаў, каб яны заносілі гэтую Пасху ў сэрцы людзей. Таму сёння споведзь адбываецца перад святаром, і там мы карыстаемся гэтай Пасхай Езуса Хрыста, якую Ён выслужыў. Форма праз стагоддзі змяняецца, але сэнс, крыніца і само дзеянне сакрамэнту не змяняецца. Ад пачатку да сённяшняга дня Хрыстус сваёй моцай, моцай Духа дзейнічае праз сучасных апосталаў і адпускае грахі сваім вернікам.
Пахвалёны Езус Хрыстус!