Прыйшло пытанне ад нашага слухача: "Ці з'яўляецца грахом, у якім трэба спавядацца, дэпрэсія? І агулам - бязрадаснае адчуванне ад жыцця на гэтым свеце?". У сваёй катэхезе а. Анджэй Юхневіч разважае на гэтую тэму.

Пахвалёны Езус Хрыстус! У рэдакцыю прыйшло пытанне, звязанае са споведдзю, наступнага зместу: Ці з’яўляецца дэпрэсія грахом, з якога трэба спавядацца? І агулам: бязрадаснае адчуванне жыцця на гэтым свеце?

Шчыра скажу, што гэтае пытанне стала для мяне прычынай больш шырокага разважання не толькі пра саму святую споведзь, але і пра крыніцы хрысціянскай радасці.
Першая частка пытання: ці з’яўляецца грахом дэпрэсія і ці трэба з яе спавядацца? Дэпрэсія — гэта псіхічная хвароба чалавека, і калі гэта сапраўды клінічна пацверджаная сітуацыя, то яе проста неабходна лячыць. Яна не з’яўляецца цяжкім грахом, з якога трэба спавядацца. Хвароба дэпрэсія ўвогуле не з’яўляецца грахом, матэрыяй для святой споведзі.
Сама гэтая хвароба вынікае з таго, што найчасцей у штодзённым жыцці чалавека існуе нейкая бездапаможная, бяссільная агрэсія, якая адкладваецца пэўнымі пластамі, і гэтая сітуацыя потым чалавека настолькі прыгнятае, што ён пачынае хварэць. Таму не трэба спавядацца з дэпрэсіі.
Другая частка пытання — пра бязрадаснае адчуванне жыцця. Я думаю, тут таксама важна паглядзець на выток: адкуль гэты стан? Можа быць так, што гэта вынікае, напрыклад, з жыццёвага досведу, з сямейнага кола. Напрыклад, чалавека прыніжаюць, і ён увесь час адчувае сябе нягодным, недастойным. Трэба гэта праверыць. Можа быць так, што, напрыклад, чалавек адчувае нейкую бездапаможнасць і безвыходнасць, і гэта кідае яго не столькі ў дэпрэсію, колькі ў дэпрэсіўны стан. Можа быць таксама адчуванне, што ўсё на гэтым свеце ў нейкай форме заканчваецца, з’яўляецца канчатковым, і гэта адчуванне праўдзівае, бо яно кажа нам, што толькі ў вечнасці можна будзе цалкам насыціцца Панам Богам і толькі там усе мае патрэбы, жаданні будуць споўнены. Такое адчуванне канчатковасці можа выклікаць дэпрэсіўны стан. З гэтага таксама не трэба спавядацца, але я думаю, што трэба засяродзіцца не толькі на гэтым дэпрэсіўным стане або дэпрэсіі, а шырэй паглядзець на справу.
Некалі св. Папа Павел VI напісаў такі дакумент Gaudete in Domino — “Радуйцеся ў Пану”. Ён выдаў гэты дакумент у 1975 годзе на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, як бы паказваючы, што сучасны Касцёл моцна патрабуе радасці Духа Святога на ўзор першых апосталаў. Там ён паказвае такую рэчаіснасць, што шмат людзей сёння знаходзіцца ў нейкім смутку і безнадзейнасці, таму што яны забыліся пра прысутнасць Бога і аддаліліся ад Яго, паддаліся спакусе свецкага жыцця. Я нават некалі ўсвядоміў пра самога сябе, што ёсць такія штодзённыя сітуацыі, калі я пачынаю “заганяцца”. Як гэта выглядае? На практыцы гэта выглядае так, што тэарэтычна я веру ў Пана Бога, у Яго прысутнасць, але практычна я атэіст у тым значэнні, што, калі даходзіць да нейкіх здарэнняў, абставін, сітуацый, я проста забываюся, хто я такі і што я павінен бачыць Божую прысутнасць. Я так і назаву гэта: практычны атэізм. Тэарэтычна я веру, але практычна я атэіст. У жыцці здараецца так, што я проста забываюся. І гэта той момант, калі я пачынаю ўваходзіць у нейкі смутак і безнадзейнасць.
А Папа цудоўна піша, што тэхнічнае грамадства памножыла чалавеку магчымасці для здабывання нейкіх прыемнасцяў. Чым больш яно тэхнічнае, тым больш камфорту, грошай, гігіены, матэрыяльнага дабрабыту. Але, хоць гэтага ўсяго дастаткова, нягледзячы на гэты дастатак існуе нейкі смутак, сум, чалавек уваходзіць у нейкі нудны стан. Потым гэта прыводзіць да страху, да роспачы.
Гэта бачна, напрыклад, у Інстаграме, калі ёсць такія пасты: “Напішыце што-небудзь. Нудна. Хто хоча паабшчацца?” І тады ўсе пачынаюць: факцікі, факцікі… Хоць чалавек, здаецца, мае кантакт з людзьмі праз тэлефон, праз інтэрнэт, усё ж уваходзіць у стан нейкай адзіноты, самотнасці.
Наступная справа: якія ёсць крыніцы хрысціянскай радасці? Дзе яе знайсці? Ёсць дзве групы крыніц, з якіх можна чэрпаць хрысціянскую радасць. Іх пералічвае Папа Павел VI: гэта звышнатуральныя і натуральныя крыніцы.
Спачатку звышнатуральныя. Першая крыніца хрысціянскай радасці — гэта Бог. Нельга аддзяліць радасці ад дару. Лёгка, канешне, уявіць сабе, што прычынай радасці для нас з’яўляецца не працэс атрымлівання падарунка, а сам падарунак. Сам дар з’яўляецца прычынай радасці, таму нельга аддзяліць радасці ад дару, і ў Богу ўсё з’яўляецца радасцю, таму што ўсё з’яўляецца дарам. Гэта вельмі важная думка: у Богу ўсё для нас з’яўляецца дарам, і таму ў Богу ўсё — крыніца радасці. Калі чалавек не шукае Бога ў рэальным жыцці — ну, вядома, я хаджу на святую Імшу, да святой споведзі, — але калі я раніцай падымаюся і не пачынаю шукаць Пана Бога ў гэтым дні, калі не пазнаю яго рэальна, фактычна, то тады я не буду мець радасці ў сабе. А Пан Езус, будучы разам са сваімі вучнямі, кажа: “Каб радасць Мая была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай”. Пан Бог прыйшоў дзеля таго, каб радасць была ўва мне ў паўнаце. І калі мы паглядзім на Маці Божую, яна з захапленнем, поўная Езуса, поўная Духа Святога, пачынае ўсклікаць: “Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы”. З-за прысутнасці самога Пана Бога ў ёй адбываецца выбух радасці. Калі апосталы спаткалі Езуса Уваскрослага, яны ўзрадаваліся, таму што Ён з імі. Думаю, што для нас гэта не чужое, не далёкае, быццам гэта толькі святыя так адчувалі Пана Бога. Калі шчыра сесці і прадумаць, колькі разоў у тваім жыцці былі такія светлыя моманты, калі, напрыклад, на малітве пачынаеш нешта больш разумець, бярэш у далоні малітоўнік, і нейкае слова трапляе да цябе асаблівым чынам, або адкрываеш Святое Пісанне, і нейкае слова мацней дакранаецца да цябе? Тады прыходзіць такое духоўнае святло, разуменне, празрэнне і духоўнае шчасце. Я думаю, што кожны хоць раз або два ў сваім жыцці штосьці такое перажываў. Гэта такі духоўны кайф: проста я пачынаю разумець вельмі выразна, і гэта сапраўды прыносіць унутраную радасць. Гэта Бог, першая крыніца радасці. Я Яго шукаю, бо хачу пазнаваць, і ад гэтага ў чалавеку ўзнікае глыбокая радасць.
Таксама крыніцай радасці з’яўляецца асвячальная ласка. І тут важна праверыць сваё сэрца: наколькі яно чыстае пасля споведзі? Калі я знаходжуся ў дэпрэсіўным стане, то варта спытацца ў сябе, калі я быў у споведзі апошні раз. Свядомасць чыстага сэрца і сумлення — гэта вельмі вялікая радасць, калі я адчуваю, што маё сумленне чыстае і сэрца чыстае. Такія звышнатуральныя крыніцы радасці: сам Пан Бог, Яго прысутнасць, і асвячальная ласка, калі да чыстага сэрца жыццёвыя факты і здарэнні прамаўляюць выразна, чыста.
І прыродныя крыніцы. Гэта сама прырода. Я думаю, кожны меў такі досвед, седзячы на нейкіх гарах або пры нейкім возеры або проста ловячы рыбу, або выйшаўшы паглядзець на нейкі прыгожы захад сонца ў канцы сваёй бацькоўскай вёскі. Пейзаж, прырода даюць нам важны ўнутраны супакой.
Маленькія рэчы, таксама прыродныя, гэта, напрыклад, сённяшні дзень, добра зробленая праца, старанна выкананы абавязак. Калі я пабудую дом, гэта дае мне радасць, унутраны камфорт, сатысфакцыю, задавальненне. Здаецца, маленькія рэчы, але яны прыносяць мне радасць.
Ведаеце, варта, напрыклад, палічыць, колькі дзён я жыву на зямлі. Нядаўна ў Фэйсбуку я прачытаў пост: сёння мінае мой 9999-ы дзень жыцця. Шчаслівы чалавек зрабіў фотаздымак і так падпісаўся. Радасць можа паходзіць з таго, што я сёння жыву, што сёння з раніцы я зрабіў сабе каву, узяў кавалачак шакаладу і мог пасмакаваць. Гэта таксама дае вялікую радасць.
І яшчэ адна частка прыродных крыніц радасці — гэта магчымасць служыць іншым; тое, што я з’яўляюся часткай нейкай супольнасці. Ведаеце, цяпер, калі я праглядаю фотаздымкі з пікнікоў у раёнах Мінска, з гэтых дваравых спатканняў, дзе праходзяць канцэрты, дзе разам накрываюць салодкі або шведскі стол, у гэтым ёсць атмасфера свята. Але чаму? Таму што ёсць магчымасць служыць адзін аднаму, і мы праз гэта ствараем супольнасць. Калі ты адчуваеш дэпрэсіўны стан, падумай пра гэта: каму можна паслужыць? Бо вакол ёсць людзі, якім я магу паслужыць. Можа, спячы торт, арганізуй нейкія спатканні, пайдзі да кагосьці з пірагом… Гэта таксама адна з форм выхаду са свайго стану, калі я пайду да кагосьці дапамагчы, паслужыць або зраблю нейкі невялічкі падарунак.
Хрысціянская радасць не заўсёды з’яўляецца вынікам прыемнасці. Найчасцей, наадварот, яе складана здабыць. Каб яна з’явілася, часам трэба прайсці праз духоўную, унутраную барацьбу, а часам нават праз цярпенні і боль. Чаму? Таму што хрысціянская радасць і ўвогуле радасць з’яўляецца вынікам супакою, а гэта значыць вынікам вернасці Пану Богу.
Калісьці на спатканні моладзі мне задалі пытанне, ці шчаслівы я. Калі шчыра, я зрабіў паўзу і не адказаў адразу. Я проста зазірнуў у сябе: ці шчаслівы я і што гэта для мяне значыць? Я сказаў, што так, я шчаслівы, таму што адчуваю ўнутраны супакой, і для мяне гэта сапраўдная радасць. Калі ўнутры сябе адчуваеш супакой, то гэта радасць не такая вясёлая, што я хахачу, а нешта глыбейшае, унутраны стан, які выклікае ўсмешку або такую сілу, што нават у цяжкасцях я захоўваю светлы твар.
На заканчэнне працытую Паўла VI. Ён піша так: “Хрысціянства — гэта радасць. Вера — гэта радасць. Ласка — гэта радасць. Памятайце аб гэтым. Хрыстус — гэта радасць, сапраўдная радасць свету”. Таму заахвочваю яшчэ раз перагледзець крыніцы, вытокі радасці, звышнатуральныя і вельмі натуральныя для нас.
Дзякуй вялікі! Пахвалёны Езус Хрыстус!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00