Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры!
У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, жадаем асаблівым чынам прывітаць вас у гэтую ўрачыстасць і скіраваць да вас свой зварот.

Бог заклікае кожнага чалавека да святасці. Аднак асаблівыя пакліканні на шляху да святасці — гэта святарскія і манаскія пакліканні, бо яны не толькі служаць уласнаму асвячэнню, але і з’яўляюцца дарам Божай любові для ўсёй супольнасці Божага народа, для ўсіх нас.

Касцёл нястомна запрашае ўсіх далучыцца да клопатаў пра пакліканні да спецыяльнага служэння ў Касцёле. Ён запрашае нас маліцца аб дары пакліканняў, аб мужнасці для тых, каго Бог кліча, аб іх вернасці быць сведкамі Божай праўды і Божай любові — сведкамі Езуса Хрыста, добрага Пастыра.
У наступным 2021 годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе адзначаць 30-годдзе адраджэння структур. Гэта цудоўная нагода, каб заўважыць тое добрае, што было супольна здзейснена, а таксама, каб пераасэнсаваць намаганні і вызначыць новыя кірункі дзейнасці. Адным з прыярытэтных накірункаў будзе яшчэ большы клопат пра пакліканні, таму што заўважаецца вялікі недахоп святароў і кансэкраваных асобаў у Беларусі.
На 79-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося 15 кастрычніка 2020 г., было прынята рашэнне распачаць ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі», каб у нашым краі заўсёды хапала “работнікаў жніва”, — святых, мужных і непахісных у веры. Гэтая дабравольная ініцыятыва распачынаецца ў нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету ва ўсіх парафіях Беларусі. Але, калі па нейкіх прычынах, хтосьці не зможа распачаць малітвы з 22 лістапада, то далучыцца да гэтай малітоўнай ініцыятывы можна ў любы момант.

Галоўнае — пачаць шчыра маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
Тым, хто пажадае далучыцца да ініцыятывы, неабходна дабравольна прыняць на сябе абавязак, каб на працягу 3 месяцаў, 6 месяцаў ці 1 года — па жаданні:
• маліцца кожны дзень таямніцу Святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i законных паклiканняў у Беларусі;
• хаця б адзін раз у месяц удзельнічаць у Эўхарыстыі і ахвяроўваць святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i законных паклiканняў у Беларусі;
• чытаць штодзённую малiтву аб святарскiх i законных паклiканнях у Беларусі.
Інфармацыя пра ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі» змешчана на партале «Catholic.by», у часопісе «Ave Maria», газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», газеце Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік» і рэлігійным часопісе «Дыялог». Надрукаваныя таксама адмысловыя абразкі з тэкстам абяцання і штодзённай малітвы.
Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэта» зазначае, што «жняцоў на Божай ніве немагчыма проста знайсці, так, як працадаўца шукае патрэбных людзей; яны заўсёды павінны быць вымалены ў Бога і Ім самім выбраныя для гэтага служэння».
Нам усім варта пераасэнсаваць сваю адказнасць за будучыню Касцёла ў Беларусі і прысвяціць Пану Богу больш часу на малітву, дбаючы пра пакліканне ў нашых парафіях і асабліва ў сем’ях. Бо, дзякуючы шматлікім і святым пакліканням да святарскага і манаскага жыцця, Валадарства Хрыста ў нашай Краіне будзе пашырацца і расці.
На справу «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі» ад усяго сэрца благаслаўляем.
Мінск, 4 лістапада, ва ўспамін св. Караля Барамэя, біскупа.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць дадзены зварот падчас аб’яваў на кожнай
Святой Імшы ва Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету 22 лістапада 2020
года.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00