
Прапануем разам пагартаць чэрвеньскі нумар часопіса "Ave Maria". Гэты месяц у Каталіцкім Касцёле прысвечаны асабліваму ўшанаванню Божага Сэрца. Запрашаем разам з аўтарамі паразважаць над Яго бязмежнаю міласэрнасцю і ўсемагутнасцю, айцоўскай чуласцю і веліччу.
На першай старонцы вокладкі змешчана выява абраза Сэрца Езуса, які створаны Джузэпэ Раліні ў 1832 годзе і знаходзіцца ў Рыме. Існуюць розныя абразы Сэрца Езуса. Які абраз лічыцца найстарэйшым адлюстраваннем Божага Сэрца ў хрысціянскім мастацтве? Што яднае усіх творцаў абразоў Сэрца Езуса? Калі быў створаны абраз па просьбе ксяндза Станіслава Жука? Ці дзейнічае благаслаўленне праз інтэрнэт? Як трэба падрыхтавацца да пілігрымкі, і што лепш узяць у духоўны заплечнік пілігрыма, а што лепш пакінуць? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні Вы знойдзеце ў чэрвеньскім нумары часопіса. Яго ўпрыгожвае верш "Сэрца Езуса" Іны Амельчанка, які гучыць у нашай перадачы ў аўтарскім выкананні.