
“...бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.” Пс 107:5
Пасля вымушанага перапынку ў Баранавічы вярнулася сапраўднае хрысціянскае свята – адбыўся юбілейны дзясяты фестываль “Дастукацца да Нябёсаў”. У апошнія выхадныя лета сотні хрысціянаў розных канфесій сустрэліся, каб разам праславіць Бога!
Усё паказвала на тое, што будзе горача: надвор’е, юбілейная лічба і, самае галоўнае, палаючыя сэрцы ўдзельнікаў. Так і атрымалася! Вечар распачаўся малітвай, якую правёў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. У гэтым годзе агонь хвалы Пану распальвалі і падтрымлівалі "Новое поколение" (г. Баранавічы), "РЫБЫ", и "Слово жизни" (г. Масква). Але, як сказаў айцец Яўген Голуб, найважнейшым хэдлайнерам фестывалю быў кожны з прысутных, які ці ў сэрцы, ці ў голас спяваў на хвалу Пану! Сапраўды, немагчыма апісаць гэта асаблівае пачуццё, калі людзі, пачуўшы знаёмыя акордыі, з першых імгненняў самі пачыналі спяваць “Наш Бог, Всемогущий…” , “ Калі б не свяцілі ні сонца, ні месяц на зямлю…” Здавалася, што нават калі б знікла гучанне інструментаў ці адключыліся мікрафоны – спеў хвалы усё адно не спыніўся б ні на імгненне.
ДДН – не проста добра праведзены час у духу радасці ды прыемная сустрэча са знаёмымі і сябрамі. Перш за ўсё, фестываль – гэта сведчанне, яскравы узор адзінства і навука. Навука пра тое, як праслаўляць Бога, пра важнасць адзінства, да якога нас запрашае Пан. Кожны з нас – найлепшае Божае стварэнне і менавіта гэта аб’ядноўвае ўсіх нас. Адкрываючыся на дзеянне Духа Святога і давяраючы Яму свае жыццё, мы спазнаем сапраўднага Бога, пачынаем бачыць і разумець Яго асаблівы План у нашым жыцці, бо Ён палюбіў нас такімі, якія мы ёсць. Ён перамяшаў нас у гэты вечар хвалы, такіх розных і асаблівых, каб мы заўважылі адну, самую галоўную асобу. Таго, хто нас збавіў Сваёй ахвярай на крыжы – Езуса Хрыста. І усё для таго, каб мы праз малітву праслаўлення ўзялі ўдзел у справе нашага збаўлення.
Фестываль, напэўна, закрануў кожнага ўдзельніка і застаўся ў душах прысутных добрым парасткам, які, калі яго даглядаць, прывядзе да багатых плёнаў. Удзельнікі канцэрта таксама мелі магчымасць закласці іншы, не менш важны падмурак – зрабіць ахвяраванне на будаўніцтва касцела ў горадзе Баранавічы.
З любоўю да Бога і праз яе, каманда ДДН! Дзякуй усім, ДДН – гэта Вы!
Фота Юлія Рыхтэр
Тэкст Павал Слізевіч
Радыё Марыя выказвае шчырую падзяку арганізатарам фестывалю за супрацу і дадзеныя матэрыялы.





































