16 чэрвеня "Радыё Марыя" вяло прамую трансляцыю святой Імшы.

У парафію св. Міхала Аханёла прыбыло шмат гасцей не толькі з ваколіцаў, але і здалёк. Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

"Мы ўвайшлі сюды пад звон званоў, што вельмі сімвалічна, бо голас кс. Ігара, як моцны звон, гучыць ужо 25 гадоў на нашай зямлі, абвяшчаючы Божае слова, цэлебруючы сакрамэнты, кіруючы Божым народам, баронячы правы Касцёла і правы вернікаў", - адзначыў іерарх у сваім прывітальным слове.

Пасля святой Імшы адбыўся невялічкі канцэрт пры ўдзеле парафіяльнага хора, вучняў багданаўскай школы і выхаванцаў дому-інтэрнату, які дзейнічае пры парафіі.


Ігар Лашук нарадзіўся ў 1966 г. у в. Макашы Нясвіжскага раёна. Пасля двух гадоў навучання ў інстытуце забраў дакументы і пайшоў у армію. Вярнуўшыся, працаваў сакрыстыянінам у Нясвіжы, святарскую фармацыю распачынаў у кс. Ч. Янкоўскага ў Мядзведзічах. Паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю на 2 курс. З 1990 г. Ігар Лашук працягнуў святарскую фармацыю ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў Лёндзе (Польшча).

Працаваў у многіх парафіях Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам паўставалі парафіі, капліцы і касцёлы. Між іншым, атрымаў дазвол на будову касцёла ў Серабранцы, калі служыў там пробашчам парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Трэба адзначыць, што гэта быў першы дазвол на будову касцёла за 100 гадоў. Таксама зарэгістраваў і распачаў будову капліцы і моладзевага цэнтра ў салезіянскай парафіі ў Бараўлянах, распачаў будаўніцтва капліцы Езуса Міласэрнага на Паўночных могілках у Мінску. Акрамя таго, паспрыяў аднаўленню капліцы св. Станіслава ў в. Прасці.

Кс. Ігар з'яўляецца ініцыятарам малітвы за душы чыстцовыя, праводзіць канферэнцыі на гэтыя тэмы і заклікае вернікаў да малітвы за нашых продкаў.
З 2011 года ксёндз Ігар Лашук з'яўляецца пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў в. Багданава Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 2016-2017 гг. намаганнямі кс. Ігара Лашука і па праекце архітэктара А. Яроменкі быў зменены знешні выгляд касцёла ў Багданава. На ім збудавана вежа-сігнатура, а побач узведзена цагляная двухпавярховая званіца. Якую 16 чэрвеня разам са званамі асвяціў арцыбіскуп Тэдэвуш Кандрусевіч.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00