Размова з Аляксандрам Панчанкам, супрацоўнікам беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

-Якім быў першы выпуск Ватыканскага радыё па-беларуску 70 гадоў таму? 

- Пра самы першы выпуск нам, на жаль, не вельмі добра вядома, бо не вялося рэгулярнае вяшчанне.

Але мы ведаем, што яно пачалося 6-га студзеня 1950 года. Першыя праграмы рабіў ксёндз Пётр Татарыновіч – беларускі святар з Піншчыны, які вучыўся ў Рыме, у Папскім усходнім універсітэце. Ён рыхтаваў беларускія праграмы Ватыканскага радыё на працягу 20-ці гадоў, да 1970 года. 

Акрамя таго ён выдаваў у Рыме беларускамоўны часопіс, які называўся «Зніч», і там рабіў паведамленні з заклікам слухаць праграмы Ватыканскага радыё, пры гэтым падкрэсліваючы, што радыёпрыёмнік павінен быць найлепшай якасці. Бачыце, нічога не змяняецца, таксама і зараз, каб пачуць адзін аднаго, трэба добрае абсталяванне.

Але нам вядома, як увогуле ўпершыню беларуская мова загучала на хвалях Ватыканскага радыё.

Гэта адбылося крыху раней за 6 студзеня 1950 года, а менавіта ў Вігілію Божага Нараджэння, 24-га снежня 1949 года. Папа Пій XII запісаў святочнае паведамленне з нагоды Божага Нараджэння і надыходзячага юбілейнага 1950-га года, а потым яно было перакладзена на розныя мовы і прагучала ў эфіры папскай радыёстанцыі.

На шчасце, да нашага часу захаваліся нумары ватыканскай газеты L’Osservatore Romano за той час, і ў адным з іх ёсць расклад радыёвяшчання, дзе напісана, што паведамленне Папы на беларускай мове прагучала ў эфіры 24 снежня з 13-й па 14-ю гадзіну. Можна сказаць, што гэта і быў той момант, калі ўпершыню беларуская мова загучала на хвалях  папскай радыёстанцыі.

- Якія змены адбыліся за 7 дзесяцігоддзяў на Ватыканскім радыё?

- Вельмі шмат чаго змянілася за гэты час. Трэба заўважыць, што на працягу ўсёй гісторыі Ватыканскае радыё заўсёды імкнулася крочыць у нагу з развіццём тэхналагічнага прагрэсу і выкарыстоўваць самыя сучасныя тэхналогіі.

На мой погляд, важным крокам стаў уваход у лічбавую прастору, калі для слухання праграм Ватыканскага радыё ўжо перасталі быць патрэбнымі хвалі, але слухаць яго стала магчыма з дапамогай любога гаджэта, далучанага да інтэрнэту.

Важным этапам стаў пераход і да мультымедыйнасці, з'яўленне сайта, уваход у сацыяльныя сеткі. І тут, калі мы гаворым пра гісторыю, трэба заўважыць, што беларуская праграма Ватыканскага радыё стала мультымедыйнай не толькі калі з'явіўся інтэрнэт.

Ёсць такі цікавы факт, што ў часы перабудовы ў нашай рэдакцыі выдаваўся бюлетэнь-дайджэст ватыканскіх навін, які рассылаўся па пошце, і яго рабіў мой калега, наш старажыл, які працуе тут ужо больш за 30 гадоў - Ян Мойсік. Гэты дайджэст з навінамі ён друкаваў накладам у 200 асобнікаў і рассылаў у розныя куткі планеты, у тым ліку ў Беларусь. Ён сам асабіста запакоўваў іх у канверты і дасылаў па пошце. Водгукі былі вельмі добрыя. Такім чынам радыё не толькі перадавала радыёсігнал, але займалася і тым, каб людзі маглі чытаць навіны аб тым, што адбываецца ў Ватыкане, пра тое, што сказаў Папа. І гэта, можна сказаць, апярэдзіла з'яўленне інтэрнэту

Больш сучасныя змены, якія хацелася б адзначыць,  гэта з'яўленне праграм Ватыканскага радыё ў эфіры іншых радыёстанцый: Радыё Марыя, Радыё Рацыя, Першага канала беларускага радыё.

Такім чынам яно нясе Евангелле і словы Папы не толькі ў каталіцкія СМІ, але таксама і ў свецкія, ад чаго, на мой  погляд, могуць выйграць усе, бо там, дзе гучаць словы Папы, дзе гучыць Евангелле,  пашыраецца любоў, сяброўства, добрыя стасункі, адкрытасць.

І вось гэтыя змены адбыліся на працягу апошняга дзесяцігоддзя, калі адказным за праграму стаў іншы мой калега, добра вядомы многім, ксёндз Аляксандр Амяльчэня – святар з Браслава.

Год таму беларуская праграма Ватыканскага радыё ўвайшла у камунікацыйную сістэму Апостальскай Сталіцы – партал Vatican News, які ўзнік у выніку рэформ ватыканскіх СМІ, што ініцыяваў Папа Францішак. 

- Распавядзіце, калі ласка, у некалькіх словах пра сутнасць гэтай рэформы?

-  Папа Францішак вырашыў, што ватыканскія СМІ павінны служыць евангелізацыі, быць сродкам, скіраваным на тое, каб абуджаць веру ў людзях, каб распальваць надзею, каб быць больш блізкімі да людзей. Гэта быў адзін аспект, а іншы аспект – для таго, каб ватыканскае пасланне стала больш з'яднаным, больш скаардынаваным, не расцярушаным у розныя бакі, было вырашана стварыць адзіны медыйны канцэрн, пад эгідай Дэкастэрыі па камунікацыі, у якім узаемадзейнічаюць паміж сабой розныя сегменты ватыканскіх СМІ.

А ў Ватыкане, як вы ведаеце, існуе шмат медыйных прыладаў, такіх як радыё, газета, фотаслужба і розныя іншыя медыя. Цяпер мы ўсе аб'яднаныя ў адну структуру і займаемся адной справай, дапамагаючы адзін аднаму.

від з акна беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

- Колькі чалавек працуе зараз, якіх прафесій, дзе знаходзіцца рэдакцыя?

- У беларускай рэдакцыі працуе 3 чалавекі. Адказным за праграму з'яўляецца ксёндз Аляксандр Амяльчэня, які вывучаў камунікацыю ў Польшы, і нават, калі не памыляюся, стажыраваўся на Радыё Марыя ў Польшы, і вось ужо на працягу 10 гадоў дзеліцца з намі сваім досведам.

Яшчэ адзін мой калега – Ян, паходзіць з Польшы, з Беласточчыны, і што цікава – ён праваслаўны, і напэўна, адзіны праваслаўны, які працуе ў Ватыкане, а дагэтуль ён вывучаў у Польшы эканоміку.

Я вучыўся на гістарычным факультэце ў БДУ, а потым на факультэце сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта імя св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. Раней я не меў досведу працы ў СМІ, таму можна сказаць, што адначасова я і працую, і вучуся.

Рэдакцыя наша знаходзіцца недалёка ад плошчы Святога Пятра, у палацы, які называецца Палаццо Піё, што можна перакласці як «Пабожны Палац». Гэта шасціпавярховы палац, у якім, у  выніку рэформы, змяшчаюцца ўсе ватыканскія СМІ. Каля 500 чалавек працуе тут.

Адразу перад маімі вачыма знаходзіцца Тыбр, бачна таксама вежы рымскіх касцёлаў, крыжы, а адразу перад нашым акном знаходіцца бастыён - замак Святога Анёла, старажытная вялікая рымская пабудова, якая ў старыя часы выконвала абарончую функцыю, абараняла касцёл, і аб гэтым нагадвае фігура Міхала Арханёла на даху. У гэтым будынку калісьці месцілася і рымская інквізіцыя. Вось такое ў нас суседства.

-  Як выглядае дзень супрацоўніка Ватыканскага радыё?

- У першай палове дня мы займаемся напісаннем навінаў, аналізуем сітуацыю, што на працягу дня прадугледжана праграмай мерапрыемстваў з удзелам Папы, атрымліваем тэксты, звязаныя з дзейнасцю Папы, тэксты прамоваў, дзелімся імі ў сацыяльных сетках.

У другой палове дня мы займаемся стварэннем радыё-падкаста на 19 хвілін, у які павінны ўвайсці навіны, падрыхтаваныя намі на працягу дня, а таксама аўтарскія рубрыкі, якія робяць супрацоўнікі з Беларусі - гэта праграмы на розныя тэмы.

І гэты падкаст, які мы на працягу дня рыхтуем, потым ідзе ў эфіры розных радыёстанцый, акрамя хваляў Ватыканскага радыё. 

- А куды вы, напрыклад, ходзіце абедаць? Бо праца працай, а што яшчэ ўваходзіць у ваш дзень?

- Што тычыцца абеда ці перакусаў, то ў нашым палацы няма такога месца як сталоўка, таму прыходзіцца ісці менавіта ў Ватыкан. Туды, за муры ватыканскія, і гэта прыкладна кіламетр туды і кіламетр назад, таму потым адчуваеш сябе «у тонусе».

Для гэтага трэба ўвайсці ў Ватыкан, прайсці праз уваходную браму, дзе кожнага наведвальніка Ватыкана сустракаюць спачатку швейцарскія гвардзейцы – папская армія, апранутая ў старажытныя, вельмі прыгожыя строі. Потым трэба прайсці праз варту ватыканскай жандармерыі (паліцыі), якая сочыць за парадкам на тэрыторыі папскай дзяржавы (нагадаю, што мы ўваходзім менавіта ў іншую дзяржаву, каб пайсці перакусіць). Гэта ўсё выглядае як прыгожая цырымонія, бо і швейцарцы вітаюцца ўрачыста, і жандармы таксама. І потым мы ўжо ідзем харчавацца ў месцы, прызначаныя для супрацоўнікаў.

Улічваючы тое, што мы знаходзімся тут, побач з Базілікай Святога Пятра, даволі часта атрымліваецца бываць і там, у саборы. Прыязджаюць госці, мы нярэдка запрашаем іх, паказваем сабор, дзелімся ведамі пра тое месца, дзе жыве Папа, каб у гасцей склалася адпаведнае ўражанне пра тое, што адбываецца тут, у Ватыкане.

Бо мы ведаем, што ў многіх гэта ўражанне грунтуецца на кнігах Дэна Брауна і іншых сучасных фільмах. То бок, у гэтым таксама ёсць наша адпаведная місія тут – знаёміць гасцей, якія прыязджаюць у Ватыкан, з Ватыканам.

капліца на Ватыканскім радыё

- А хто слухачы Ватыканскага радыё? Для каго яно вяшчае? Можа ёсць нейкія статыстычныя дадзеныя?

- Дакладна мы не ведаем аўдыторыю радыё і статыстыкай насамрэч не займаемся, але добра ведаем тую аўдыторыю, што наведвае наш сайт. Мы можам уявіць, што сярод нашай аўдыторыі ёсць людзі, якія з даўніх часоў прызвычаіліся слухаць рэгулярна праграмы Ватыканскага радыё, а таксама мы ведаем, што нас слухаюць святары, таму што рэгулярна атрымліваем ад іх адваротную сувязь, цікавыя каментары, заўвагі, і справа гэта вельмі карысная.

Ведаеце, нядаўна мне даводзілася чытаць справаздачы ўпаўнаважаных па справах рэлігій у савецкія часы. І мяне вельмі зацікавіла такая заўвага, што нягледзячы на тое, што ў тыя часы касцёл знаходзіўся ў ізаляцыі, але тым не менш нейкім чынам святары былі вельмі добра інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў Ватыкане, а адбывалася гэта таму, што праз хвалі Ватыканскага радыё беларускія святары былі ў курсе ўсіх падзей, якія адбываліся ў паўсюдным касцёле.

Аднойчы вельмі цікава распавядаў біскуп Антоній Дзям'янка, што калі ён рыхтаваўся да святарства, быў маладым святаром, то слухаў праграмы Ватыканскага радыё і з дапамогай іх даведваўся шмат беларускай рэлігійнай тэрміналогіі, бо  не было ў тыя часы літаратуры на беларускай мове, уся літаратура была пераважна на польскай мове. Дык вось, каб ведаць гэтую тэрміналогію, маладыя святары і слухалі Радыё Ватыкана на беларускай мове. Можна сказаць, што была ў радыё такая місія інфармавання.

- Вы казалі, што ў адным будынку знаходзяцца рэдакцыі радыё з розных краін, якія транслююць на розных мовах. Ці ёсць нейкае спаборніцтва паміж краінамі, у каго больш слухачоў? Якія, увогуле, стасункі паміж рэдакцыямі?

- Так, радыё вяшчае на 45-ці мовах, а спаборніцтва, вядома, няма. Па-першае, секцыя беларускай праграмы не можа канкурыраваць, напрыклад, з партугальскай, бразільскай, італьянскай, іспанскай ці англійскай. Ну і потым, кожная краіна мае свае асаблівасці: моўныя, грамадскія, розныя сітуацыі ў касцёле, асаблівасці, звязаныя з доступам каталіцкіх СМІ да FM-хваляў і г.д., і, скажам так, «весавыя катэгорыі», у якіх мы тут усе існуем, розныя. Таму спаборніцтва няма, а ёсць добрыя адносіны.

Мы камунікуем паміж сабой, і гэта вельмі вялікае багацце Ватыканскага радыё – існаванне шматлікіх нацыянальных рэдакцый, якія часам вяшчаюць на такіх мовах, аб якіх я, напэўна, у першы раз тут і пачуў (ёсць вельмі экзатычныя дыялекты, якія існуюць на тэрыторыі Індыі і іншых краін). Такім чынам, існуе вось такое багацце, узаемадапаўняльнасць.

Канешне, мы больш камунікуем і сябруем з краінамі-суседзямі: літоўцамі, украінцамі, расейцамі, палякамі, латышамі.

- А вось гэтыя рэдацыі таксама маюць такую ж невялічкую колькасць супрацоўнікаў?

- Так, у асноўным рэдакцыі невялікія, але ж, напрыклад, у польскай рэдакцыі крыху больш, бо ў іх праграмы выходзяць 2 разы на дзень, таму ў іх 6 супрацоўнікаў. Украінская рэдакцыя мае 4 супрацоўнікі, а ёсць і вельмі буйныя рэдакцыі – італьянская, напрыклад. У іх вельмі вялікі штат, таму што ў іх ёсць і прамы эфір. На італьянскай мове таксама вяшчае Радыё Ватыкана ў FM-дыяпазоне на тэрыторыі Рыма і рэгіёна Лаццыё, таму ім трэба шмат журналістаў.

Вялікія рэдакцыі таксама бразільская, англійская, французская, нямецкая. У іх і больш супрацоўнікаў і, адпаведна, больш часу на вяшчанне і падрыхтоўку праграм.

студыя  Ватыканскага радыё

- А якія праграмы ёсць у вас? Якія з іх самыя папулярныя?

-  У нас выходзяць розныя праграмы кожны дзень тыдня, узгодненыя з пэўным аўтарам, які штотыднёва ці з перапынкам рыхтуе гэтыя праграмы.

Выходзяць праграмы, прысвечаныя кананічнаму праву (іх робіць ксёндз Дзмітрый Пухальскі – канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі). 

Выходзіць вельмі цікавая праграма, прысвечаная страчаным святыням  - касцёлам, якія былі знішчаныя на працягу савецкага перыяду нашай гісторыі. Гэту праграму рыхтуе і вядзе вельмі вядомы ў Беларусі мастацтвазнаўца і культуролаг Сяргей Харэўскі.

Ёсць праграмы, прысвечаныя хрысціянству ў беларускай літаратуры – іх рыхтуе айцец Андрэй Крот з Гродна.

Ёсць музычная праграма, у якой кожную нядзелю можна паслухаць розныя музычныя творы і даведацца штосьці пра іх стварэнне.

Калісьці была дастаткова папулярнай праграма «100 пытанняў - 100 адказаў», прысвечаная складаным пытанням, звязаным з гісторыяй касцёла, з вучэннем касцёла. Калі яна выходзіла ў эфір, мы атрымлівалі шмат пазітыўных водгукаў, магчыма і таму, што яна стала адной з першых у каталіцкай медыя-прасторы Беларусі.

- А як магчыма стаць аўтарам праграм ці супрацоўнікам Ватыканскага радыё?

- Ведаеце, гэтыя 70 гадоў гісторыі паказваюць, што адзінага шляху, як стаць аўтарам ці супрацоўнікам Ватыканскага радыё, не існуе.

Вось, напрыклад, мой калега з нямецкай рэдакцыі, які з самага дзяцінства кожны дзень сядзеў над радыёпрыёмнікам, кожны дзень слухаў Ватыканскае радыё на нямецкай мове і ўжо з дзяцінства ведаў, што ён прыедзе ў Рым і будзе працаваць на Ватыканскім радыё. На працягу жыцця ён усё для гэтага зрабіў, і вось цяпер з'яўляецца адказным за нямецкую праграму.

Ксёндз Пётр Татарыновіч апынуўся тут у выніку катаклізмаў сярэдзіны XX стагоддзя, пасля Другой сусветнай  вайны, і можна сказаць, нечакана апынуўшыся тут, стаў працаваць на Ватыканскім радыё.

І яшчэ адзін прыклад магу прывесці – гэта амерыканскі юнак Роберт Тамушанскі, які раптоўна даведаўся, што мае беларускія карані, вывучыў мову, стаў грэка-каталіцкім святаром, прыехаў у Ватыкан і ўзначаліў беларускую праграму Ватыканскага радыё.

Таму бачыце, што няма адзінага шляху, вельмі разнастайна Божы Провід прыводзіць сюды, у Ватыкан.

Але тыя, хто хацеў бы супрацоўнічаць з Ватыканскім радыё, заўсёды могуць напісаць е-мэйл на адрас нашай праграмы (гл. на старонцы), і калі гэта супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгадным, яно можа быць рэалізавана.

А ўвогуле працаваць на Ватыканскім радыё з аднаго боку ганарова. Але тут мы адлучаемся ад сваёй Радзімы, вымушаныя знаходзіцца далёка, таму ёсць заўжды сум па ёй.

        

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00