Як звязаны кампазітар Станіслаў Манюшка з фундатарам Чырвонага касцёла Эдвардам Вайніловічам? Адкуль паходзіў арган, на якім 18 гадоў іграў кампазітар у Вільні? Што за літоўскі стыль, у якім напісана яго «Трэцяе Вастрабрамскае літанне»?

Прапануем вам вытрымкі размовы з музыказнаўцам Святленай Немагай. Цалкам інтэрв’ю пра кампазітара і пра беларускія выданні ягоных рэлігійных твораў можна паслухаць тут: 


Дзед, пра якога хадзілі легенды

Легендарнага дзеда Станіслава Манюшкі таксама звалі Станіславам; уласна, у гонар яго і назвалі кампазітара. Гэта быў абсалютна геніяльны ў свой час гаспадар, які прыйшоў на нашую зямлю з даволі беднай шляхецкай сям’і, стаў мільянерам, а дамогся гэтага дзякуючы сваім чалавечым якасцям.

Ён скончыў Віленскі ўніверсітэт і, маючы давер да гэтай навучальнай установы, заахвоціў вучыцца там амаль усіх дзядзькаў кампазітара Станіслава Манюшкі. А было іх пяцёра. Шостым быў Чэслаў, бацька Станіслава, які не паспеў скончыць Віленскі універсітэт, бо ў 1812 годзе пайшоў на вайну. Яго бабуля і маці, так бы мовіць, ахвяравалі ім. Праўда, услед за Чэславам на вайну пацягнуліся ягоныя браты Ігнацый і Дамінік — але гэта асобная гісторыя. 

Так склалася, што ўся гэтая вялікая сям’я не мела ніводнага нашчадка мужчынскага полу, апрача нашага кампазітара Станіслава. І ўсе ягоныя высокаадукаваныя дзядзькі рупіліся пра адукацыю свайго пляменніка! Дзядзька Казімір падараваў яму велізарную смілавіцкую бібліятэку, якая налічвала некалькі тысяч тамоў, дзядзька Аляксандр вазіў яго ў Вільню на прадстаўленні Віленскага тэатра, дзядзька Дамінік апавядаў яму пра свае неверагодныя сацыяльныя праекты: ён апярэдзіў на дзесяцігоддзі адмену прыгону, даўшы волю сваім сялянам і падзяліўшы ўласны маёнтак паміж імі. 


Дзядзькі і бацька кампазітара былі, хутчэй, вальнадумцамі. Затое ягоны дзед Станіслаў — вельмі пабожным чалавекам, на Міншчыне пра яго хадзілі легенды. На паўдарозе ад сваіх Смілавічаў, дзе меў рэзідэнцыю, да манастыра ў Лядах, які існуе па сённяшні дзень і да фундацыі якога таксама спрычыніліся Манюшкі, ён паставіў камень, на якім загадаў намаляваць выяву цара Давіда з арфаю. І гэты вобраз Давіда быў блізкі дзеду Станіславу, бо, як сведчыць сямейная легенда, ён ведаў увесь Псалтыр на памяць. І сярод ночы выходзіў на ганак свайго Смілавіцкага палаца і спяваў альбо адчытваў адзін з псальмоў. Кампазітар Станіслаў Манюшка не ведаў свайго дзеда, бо нарадзіўся праз 12 гадоў пасля яго смерці; тым не менш, да яго нейкім чынам перайшла дзедава пабожнасць. 

Дарэчы, той самы дзядуля Станіслаў быў яшчэ і прадзедам Эдварда Вайніловіча — фундатара нашага Чырвонага касцёла ў Мінску.  Цётка кампазітара Станіслава Манюшкі Міхаліна выйшла замуж за Эдварда Ваньковіча, адкуль і пайшла гэтая лінія Ваньковічаў-Вайніловічаў. Муж Міхаліны быў вельмі заможным чалавекам, меў маёнтак у Сляпянцы, той, дзе цяпер ладзяць банкеты і вяселлі. Там вельмі часта бываў наш кампазітар Станіслаў. Напрыклад, у ягоных лістах мы можам прачытаць, што ён спадзяёцца атрымаць дровы са Сляпянкі. Кампазітар меў на ўвазе тую самую Сляпянку, дзе жыла ягоная родная цётка.

«Як гэта я магу аддаць вучыцца сваю дачку да арганіста?» 

Пачуццё неабходнасці служэння Богу прывяло кампазітара Манюшку на досыць хісткі ў сацыяльных адносінах шлях да пасады арганіста ў Віленскім касцёле Святога Яна. Чаму хісткі? Таму што ніхто ні ў яго ўласнай сям’і, ні сярод віленскай шляхты не мог сабе ўявіць, што прадстаўнік шляхецкага і досыць заможнага роду будзе граць у касцёле. У тыя часы пасаду арганіста займалі, як правіла, нізкаадукаваныя музыканты, якія да таго ж, як правіла, выконвалі мноства іншых, не звязаных з музыкай, абавязкаў пры парафіях.

Калі бліскуча адукаваны Манюшка (а вучыўся ён у Спеўнай акадэміі Берліна!), прыехаўшы ў Вільню, уладкаваўся на гэтую пасаду, то, хутчэй за ўсё, таму, што іншай проста не было. Ён адчуў на сабе гэтыя сацыяльныя нажніцы і крывыя позіркі. Захаваліся нават сведчанні, што, напрыклад, нейкая пані хоча аддаць сваю дачку вучыцца на фартэпіяна нейкаму настаўніку, і калі ёй прапанавалі абраць з Караля Штурма, Віктара Кажынскага і Станіслава Манюшкі, яна разважала такім чынам: як гэта я магу аддаць вучыцца сваю дачку да арганіста? Вось такая была логіка.

Адпаведна Манюшка зарабляў вельмі мала: у яго была адна з самых нізкіх ставак як у настаўніка фартэпіяна якраз таму, што ён іграў у касцёле. Гэты штамп цяжарам лёг на Манюшку на ўсе гады яго працы ў Вільні з 1840 па 1858 год, ажно пакуль яго не запрасілі ў Варшаву на пасаду дырэктара Вялікага Тэатра ў Варшаве. 

Падтрымка святара

Ксёндз Ян Меню, пробашч касцёла, дзе Манюшка быў арганістам, добра ведаў цяжкасці, якія перажываў кампазітар, і ставіўся лаяльна да яго дзейнасці па-за касцёлам. Манюшка яшчэ пісаў оперы, выдаваў свой “Хатні спеўнік”, ездзіў у Пецярбург, бо збіраўся атрымаць вышэйшую пасаду. У Пецярбургу ён быў ажно тройчы падчас сваёй працы у Вільні: ладзіў там свае канцэрты, знаёміўся з музычнай элітай, у прыватнасці, з Аляксандрам Даргамыжскім. І гэтыя паездкі доўжыліся не адзін тыдзень. Нягледзячы на гэта, ксёндз Ян Меню рэгулярна выплочваў заробак свайму арганісту, які забірала або яго цешча, альбо жонка, бо цудоўна ведаў сямейную сітуацыю кампазітара: у Манюшкі было шмат дзяцей. 


Спробы ўсё перамяніць
Станіслава Манюшку можна назваць місіянерам на музычнай глебе, бо ён спрабаваў нешта зрабіць у Вільні для музычнага жыцця касцёла. У 1854 годзе, маючы вялікі досвед у кіраванні хорам, ігры на аргане, ён разам з кампазітарам Фларыянам Меладоўскім заснаваў таварыства Святой Цэцыліі. Гэта было першае таварыства на землях былога ВКЛ. Таварыства ставіла за мэту ўдасканаленне касцёльнай музыкі, яе папулярызацыю.


Касцёльная музыка перажывала ў тыя часы вельмі сур’ёзны крызіс. У многіх дакументах таго часу мы можам знайсці сведчанні, што ў касцёлах выконвалі і паланэзы, і полькі. Не было распрацаванага канону, што павінна гучаць у касцёле. І Манюшка быў адным з першых, хто паставіў за мэту навесці парадак. А ўвогуле ідэі цэцыліянскага руху прыйшлі на тэрыторыю сучаснай Польшы і на усход былога ВКЛ значна пазней: у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. 

18 гадоў Манюшка граў на аргане з Полацка 

У 1836 годзе, за стагоддзе да сталінскіх рэпрэсій, па даўніх землях ВКЛ пракаціліся рэпрэсіі арганныя Тагачасны біскуп Юзаф Сямашка, які перайшоў з уніяцтва ў праваслаўе, загадаў дэмантаваць і распрадаць усе арганы, якія былі збудаваныя з 1730 года ва ўніяцкіх цэрквах. А тыя інструменты, якія не будуць прададзеныя на працягу кароткага тэрміна мусяць быць знішчаныя. У выніку былі ліквідаваныя сотні інструментаў. Трохі лепшы лёс напаткаў інструмент, збудаваны ў свой час у касцёле Святога Стэфана ў Полацку. Калі касцёл быў зачынены, у 1836 годзе арган перавезлі ў касцёл Святога Яна ў Вільні, дзе на ім цягам 18 гадоў іграў Станіслаў Манюшка. Мы можам гэтым ганарыцца! 

Арган быў проста шыкоўны, меў пасля перабудовы ажно 41 голас. На ўрачыстую інаўгурацыю інструмента прыязжаў з Варшавы сам Юзаф Эльснер, найбольш аўтарытэтны кампазітар свайго часу, былы настаўнік Фрэдэрыка Шапэна. 

Па Вільні хадзіла такая легенда, што калі ўключыць усе рэгістры гэтага аргана, далучыць усе копулы і зайграць на інструменце, то сцены касцёла Святога Яна могуць патрэскацца і касцёл разбурыцца. Было надрукавана нават абвяржэнне гэтай легенды: пісалі, што ўключалі ўсе рэгістры і клопулы — і касцёл застаўся цэлы. 

На сённяшні момант мы можам пабачыць арыгінальны, праўда, адрэстаўраваны фасад інструмента, на якім іграў Станіслаў Манюшка. Унутры ўсе механізмы, вядома, замененыя. На балюстрадзе хораў касцёла Святога Яна кожны можа пабачыць бюст Станіслава Манюшкі ў напамін пра яго працу ў гэтым касцёле. 

Папулярнасць 

Манюшка напісаў столькі цудоўнай рэлігійнай музыкі, што яна доўгі час гучала ў касцёлах. Пра гэта сведчыць, напрыклад, архіў Нясвіжскага арганіста Эдварда Гірдо, які фарміраваўся ў міжваенны час. У ім вельмі шмат копій манюшкавых твораў; гэта азначае, што на тэрыторыі былога ВКЛ музыка кампазітара заставалася рэпертуарнай. Нейкім цудам гэтая традыцыя адрадзілася на Залатой Горцы ў 1990-я гады.  

Памятаю, калі прыйшла ў касцёл, пастаянна гучалі творы Станіслава Манюшкі. Гэта былі першыя аматарскія пераклады яго твораў на беларускую мову. 

«Гэтая музыка занадта ўсходняя» 

З польскага боку часта можна пачуць такія меркаванні: маўляў, гэтая музыка занадта ўсходняя. Я сама чула такое выказванне ад універсітэцкай прафесуры ў Польшчы. Сапраўды, Манюшка ўспрыняў традыцыю, якую называюць па-рознаму, напрыклад, “віленскай”, альбо “літоўскай”, па-сутнасці, “ліцвінскай”. І ён вельмі чуйна змог яе перадаць у сваёй музыцы. А ў яго было шмат папярэднікаў: Багуслаў Згірскі, Юзаф Дашчынскі, Антоній Сакульскі. Можна сказаць, што ён ва ўсёй сваёй музыцы абапіраўся на гэтую віленскую традыцыю, на традыцыю ўсяго былога ВКЛ, якая мела свае лакальныя інтанацыйныя асаблівасці. 

Пра гэта яскрава сведчаць ягоныя «Вастрабрамскія літанні». Трэцяе «Літанне» ён прысвяціў, дарэчы, Джаакіна Расіні, выдатнаму опернаму майстру. І я сустракала ў дакументах, што свайму рэспандэнту ён пісаў, што «Трэцяе Вастрабрамскае літанне» напісана ў літоўскім стылі. Што гэта за літоўскі стыль? Той самы, які сфармаваўся на тэрыторыі былога ВКЛ і які, на жаль, не меў развіцця (а ён мог бы прывесці да ўзнікнення нацыянальных шэдэўраў!). Але мы можам лічыць «Вастрабрамскія літанні» вяршыняй рэлігійнай музыкі былога ВКЛ.

Калі б культура гэтай краіны працягвала сваё развіццё, калі б не было гэтага цывілізацыйнага злому, які адбыўся напрыканцы XVIII ст., мы б мелі абсалютна іншую карціну нашай музычнай гісторыі. 



 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00