Прад'яўленне сябе.
Ці хочам мы самі будаваць сваё жыццё, або дазволім рабіць гэта іншым людзям, якія лепей за нас ведаюць, што нам насамрэч патрэбна?

Вакол нас заўсёды знойдуцца тыя, хто нагадае нам, што мы павінны рабіць як маці, як бацька, як
грамадзянін, як спецыяліст дый проста як чалавек. Побач з такімі людзьмі мы будзем пачувацца
вечнымі даўжнікамі, вечнымі вінаватымі, ажно пакуль не скончацца ўсе нашыя рэсурсы. Бо ўсім
жа вядома: "Што вінен - аддаць павінен!"
Прад'яўляць сябе бывае зусім не лёгка, бо адразу ўзнікаюць думкі: "А хто я такі?" "А ці маю
права?" Дый суворая школьная настаўніца ўспамінаецца, якая так часта паўтарала нам, што "я"-
гэта апошняя літара ў алфавіце.
А быў жа ў нашай гісторыі і такі час, калі прад'яўляць сябе было сапраўды небяспечна. Аб ім
памятае старэйшае пакаленне: "Думай адно, кажы другое, рабі трэцяе", "не высоўвайся", "абы
чаго не выйшла", "лепей памаўчы", "абы ціха было"...
Прызнаваць свае мэты і жаданні, прызнаваць свае патрэбы, свае пачуцці і не саромецца іх,
паважаць свой выбар і свае каштоўнасці, усведамляць іхнюю значнасць. Цалкам уносіць сябе ў
кантактаванне з іншымі людзьмі, у адносіны з імі. Ведаць сябе, бачыць тое, што хацелася б
змяніць і ў чым варта было б "падрасці".
Гэта і ёсць прад'яўленне сябе.
Усе мы маем права на памылку і на недасканаласць. Прыўлашчванне права на памылку дазваляе
нам атрымліваць новы вопыт і пражываць яго без пакутлівага самабічавання, нават калі хтосьці
будзе звяртаць нашую ўвагу на нашую недасканаласць.
Мы маем права паважаць свой вопыт, свае рэсурсы, права распараджацца імі згодна з уласнымі
жаданнямі. Часам страх, сорам і ўяўная віна замінаюць нам прад'яўляць сябе. Мы баімся, што
нашае прад'яўленне можа быць кімсці асуджана і не прынята.
У нас ёсць права не быць для кагосьці "добрымі" і "зручнымі". Калі мы будзем баяцца быць для
іншых людзей "дрэннымі", то станем пагаджацца на любыя кампрамісы і можам дайсці ажно да
здрады самім сабе.
Усе гэтыя правы зусім не азначаюць, што мы мусім абыякава ставіцца да зваротнай сувязі або не
звяртаць увагу на канструктыўную крытыку.
Дзеля таго, каб мы пачуваліся годна і каб нас паважалі іншыя людзі, а таксама, каб мы паважалі
саміх сябе, нам вельмі важна прад'яўляць сваё сапраўднае "Я".
***
Навучыўшыся прад'яўленню сябе, мы будзем з павагай ставіцца да таго, як прад'яўлюць сябе
іншыя людзі. І зможам успрымаць усіх з любоўю, як рабіў гэта святы брат Францішак Асізскі :
"Святы Францішак бачыў вобраз Божы, паўтораны шмат разоў і заўсёды непаўторны. Для яго
чалавек заўсёды быў чалавекам і не губляўся ў густым натоўпе, як не згубіўся б на раўніне. Ён
шанаваў усіх, іншымі словамі - ён не толькі любіў, але і паважаў кожнага. Сваёй выключнай сілай
ён абавязаны таму, што кожны, ад Папы Рымскага да жабрака, ад султана у расшытым шатры да
апошняга злодзея ў лесе, гледзячы ў ягоныя цёмныя, выразныя вочы, ведаў і адчуваў, што
Францішак Бернардонэ цікавіцца менавіта ім, менавіта ягоным непаўторным жыццём ад калыскі
да магілы. Кожны ведаў, што менавіта яго ён прымае ў сваё сэрца" (Г.К.Честертон "Франциск
Ассизский").

***
"Каштоўнасць чалавечай асобы мае дадзенае ад Бога, звышнатуральнае паходжанне.
Хрысціянскае вучэнне аб Богасыноўстве сцвярджае абсалютную годнасць чалавечай асобы як
вобраза Божага.
У персаналізме робіцца акцэнт на непаўторнасці і максімальнай каштоўнасці асобы як такой.
Персаналізм (ад лац. Persona – асоба) – кірунак у філасофіі, які прызнае асобу першаснай творчай
рэальнасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет – праявай творчай актыўнасці
вярхоўнай асобы – Бога" (Даведнік "Хрысціянская дэмакратыя ў пытаннях і адказах").

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00