Згодна легендзе, у старажытнай Грэцыі паганскі бог пастухоў і дзікай прыроды Пан у поўдзень палохаў сваім жудасным крыкам жывёлаў, і нават выклікаў уцёкі цэлых статкаў. Менавіта ад яго імені і ўтварылася слова паніка.
Паніка – гэта псіхічны стан чалавека, які характарызуецца некантралюемым, нястрымным жахам, выкліканым сапраўднай або ўяўнай небяспекай. Паніка можа ахопліваць аднаго чалавека або адначасова многіх людзей.
Паніка з’яўляецца стрэсавай рэакцыяй арганізма на нечаканыя і палохаючыя сітуацыі, пры якой развіваюцца розныя вегетатыўныя і саматычныя сімптомы: можа павышаццы тэмпература, ціск, чалавек можа страціць прытомнасць і нават згубіць на некаторы час усе базавыя навыкі. Яго можа
ахапіць нервовы параліч, або мітусня і бязглуздыя “ўцёкі” ў напрамку небяспекі.
Панічныя паводзіны бываюць абсалютна неабгрунтаванымі і недарэчнымі, а імкненне пазбегнуць небяспечнай сітуацыі робіцца некантралюемым.
Паніку можна ахарактарызаваць, як псіхічны і фізічны сродак выражэння асобы для прыцягвання ўвагі іншых людзей да сітуацыі, пагражаючай асабістаму жыццю, з мэтай атрымання ў іх дапамогі.
Калі страх – гэта бітва або ўцёкі ад небяспекі, то паніка – гэта крыкі, лямант, спазм мышцаў, парушэнні свядомасці і памяці, бо бітва або ўцёкі падаюцца чалавеку немагчымымі і безнадзейнымі.
Французкі псіхолаг, сацыёлаг і антраполаг Густаў Ле Бон, які вывучаў псіхалогію натоўпу, меркаваў, што пры калектыўнай паніцы маса людзей набывае адзіную псіхалогію. Натоўп губляе пачуццё адказнасці, у ім раствараецца любая індывідуальнасць, зніжаецца інтэлект, знікае крытычнасць
мыслення і самастойнасць, губляецца воля, натоўп схільны да ірацыянальных паводзін. У выпадку небяспечнай сітуацыі маса можа заразіцца страхам аднаго асобна ўзятага чалавека. Масавая паніка можа быць асабліва небяспечнай, напрыклад, пры пажары. У закрытым памяшканні многія
людзі адначасова губляюць самакантроль, спрацоўвае рэфлекс самазахавання, які прыводзіць да таго, што слабыя могуць загінуць, іх могуць затаптаць фізічна больш моцныя людзі.
Часам стварэнню панічнага настрою у людзей могуць спрыяць СМІ. Масавая гістэрыя грамадства адносна чагосьці, што нібыта пагражае ягонай бяспецы або маральным каштоўнасцям, можа стварацца штучна і правакаваць неспакой і страх, з дапамогай якіх зручна маніпуляваць масавай
свядомасцю, фарміраваць патрэбны грамадзкі клімат і адцягваць увагу людзей ад сапраўдных праблем.
Прычынамі ўзнікнення панікі можа быць жах з-за непадрыхтаванасці да нечаканасцяў; раптоўная пагроза для жыцця – выбух або пажар; назапашванне трывогі, доўгія перажыванні, няпэўнасць; псіхалагічная непадрыхтаванасць людзей да прыродных і тэхгагенных катастроф; інфармацыя аб катастрофе, або яе недахоп і чуткі.
Як не паддавацца паніцы нам у цяперашні час, калі аб’яўлена пандэмія каронавіруса? У першую чаргу варта “ўключыць” здаровы сэнс, скласці план дзеянняў асабіста для сябе і для сваёй сям’і, не азіраючыся на тое, хто, куды і за чым “пабег”. Важна займацца дзейнасцю і быць гатовым хутка
рэагаваць на змены абставінаў. Не варта захапляцца чытаннем негатыўнай інфармацыі, якое не спрыяе паляпшэнню сітуацыі. Карысна кантактаваць з сябрамі і знаёмымі, гэта можна рабіць па тэлефону, або праз інтэрнэт, і, калі ўзровень іх трывогі вышэйшы за наш, варта падтрымаць іх нашай упэўненасцю. А таксама дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, калі ў нас ёсць такія магчымасці, бо дзе ёсць узаемадапамога і ўзаемавыручка – там няма месца паніцы.
…
Пэўная група амерыканскіх вайскоўцаў падчас вайны кожны дзень па некалькі разоў прамаўляла 22 (23) псальм "Госпад ёсць пастыр мой" і 90 (91) псальм "Шчаслівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага", і ніхто з гэтай групы не быў нават паранены, бо вайскоўцы больш думалі пра
Бога, а не пра паразу, або перамогу.
Малітва – найпершы і найлепшы сродак для хрысціяніна пазбегнуць панікі.
Цяжкасьці загартоўваюць хрысціяніна. Вера і трываласць мацнеюць, дзякуючы ім.
Марына Баброўская