Гісторыя і сімволіка святарскай стулы - у катэхезе кс. Андрэя Кеўліча.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з літургічным адзеннем, якое ўжываецца падчас святой Імшы – пазнаёміліся з аміктам, альбай, цынгулюмам і маніпулам. Сёння мы пазнаёмімся з чарговай літургічнай шатай, якая мае важнае значэнне – а менавіта стулай.
Стула - Гэта доўгая стужка з каштоўнай тканіны, якая мае тую самую шырыню, што і маніпул, але прыкладна ў тры разы даўжэйшая за яго.
Паўсюдна прызнаецца, што ад пачатку стула нагадвала сучасную альбу і што, як і апошняя, яна цалкам ахутвала чалавека.
Паводле кардынала Боны (Rer. Liturg., 282), тое, што мы сёння называем стулай, гэта не што іншае, як стужка, якою аблямоўвалася тое, што было сапраўднай стулай у старажытнасці; як толькі практыка ўжывання той стулы прыйшла ў заняпад, гэтая стужка захавалася на ўспамін пра яе, як і маніпул з’яўляецца ўспамінам пра старажытны сударый, альбо хустку.
Стула на Усходзе. — Стула на Усходзе вядомая пад назвай епітрахіль і крыху адрозніваецца ад нашай; замест таго, каб дзвюма часткамі аднолькава звісаць з абодвух бакоў, яна робіцца з аднаго куска матэрыялу. Пасярэдзіне ўздоўж праходзіць шво, а наверсе ёсць адтуліна, дастаткова шырокая, каб магла прайсці галава святара. Калі яе апранаюць на Імшу, яна звісае спераду, амаль дастаючы да ступняў.
Копты называюць стулу Bitarshil, сірыйцы — Ouroro, армяне — Ourar.
Адносна паходжання слова арар (orarium), якое прымяняецца да стулы ў старажытных манускрыптах і літургічных творах, заўсёды вялося шмат дыскусій. Са свайго боку, мы схіляемся да версіі тых, хто выводзіць яго ад грэцкага ωρα — гадзіна, бо менавіта ўзмахамі арара дыякан паказваў розныя гадзіны і этапы падчас набажэнства, калі хор павінен спяваць, а сабраны люд маліцца. Гэта да нашых часоў захавалася ва ўсходняй практыцы. Трэба таксама памятаць, што назва арар датычыцца толькі дыяканскай стулы; стула ж святара мае назву епітрахіль.
Многія з англасаксонскіх стулаў і маніпулаў мелі прышытыя да іх маленькія срэбраныя ці залатыя званочкі, якія рабілі надзвычай прыемны і далікатны гук, калі служыцель змяняў паставу свайго цела. Часам колькасць гэтых званочкаў дасягала ажно дваццаці сямі.

Хто можа насіць стулу. —
У літургіі гэтая частка літургічнага адзення сімвалізуе уладу і годнасць святарскага служэння; з’яўляецца сімвалам годнасці хрысціяніна і вясельнай вопрадкай усіх пакліканых да вечнага жыцця ў Валадарстве Божым.
Права нашэння стулы асоба атрымлівае з моманту дыяканскага пасвячэння.
Аднак дыякан не можа насіць яе так, як гэта робіць святар (гэта значыць, на абодвух плячах), а толькі на левым плячы, а з правага боку стула зашпільваецца. Робіцца гэта для таго, каб усведаміць яму ягоны ніжэйшы стан у параўнанні са святаром, а таксама абавязак быць як найменш абцяжараным, асабліва ў вобласці правай рукі, калі ён выконвае функцыі дапаможнага служыцеля. Пра гэта ў 633 годзе, у часы Папы Ганорыя І, Чацвёрты Таледскі сабор выдаў наступныя інструкцыі: “Падчас малітвы левіту (дыякану) след насіць арар (стулу) на левым плячы; а правае плячо ў яго павінна быць свабодным, каб ён мог больш спрытна выконваць тое, чаго хоча святар” (Bona, Rer. Liturg., 282).
На сённяшні дзень падчас Эўхарыстыі адносна спосабу нашэння стулы абавязвае наступнае прадпісанне:
“340. Святар носіць стулу на шыі такім чынам, каб яна звісала на грудзі, а дыякан ускладае яе на левае плячо, працягвае наўскос праз грудзі да правага боку і там сашчэплівае.”
Напэўна, варта ўспомніць аб тым, як насілася стула перад апошняй літургічнай рэформай. Стула насілася падчас святой Імшы 3 спосабамі: дыяканы насілі надзетую праз левае плячо, і злучанай ці звязанай пад правай рукой; прэбітэры крыжавалі стулу на грудзях; у біскупаў стула проста звісала на грудзях. Гэтае скрыжаванне стулы ў святароў сімвалізавала крыжы, якія калісьці насілі святары на грудзях (па аналогіія як і сёння біскупы носяць пентаральныя крыжы, ці як бацюшкі на ўсходзе). Аб захаванні першапачатковага сэнсу гэтага знаку сведчыць малітва, якую прамаўляў біскуп падчас апрнання стулы на неапрэзбітэра: “Вазьмі ярмо Госпада, бо ярмо Яго ўдзячнае і цяжар Яго лёгкі”.
Розны спосаб нашэння стулы праз дыякана і святара паказвае на розную ступень абавязкаў: прэзбітэры і бісупы выконваюць большыя абавзкі, што менавіта сімвалізуе стула, якая размяшчаецца на абодвух плячах. Дыякан жа ў адносінах да іх мае меншыя заданні і меншую адказнасць, там стула накідваецца толькі на ано плячо.
Малітва, якую прамаўляе святар, апранаючы стулу, гучыць наступным чынам: “Апрані мяне, Пане, у стулу несмяротнасці, якую я страціў праз адступніцтва праайцоў; і хоць я няварты прыступаць да Тваіх святых таямніцаў, дай мне аднак радасць вечную”.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем разважанне над літургічным адзеннем, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00