"У Старым Запавеце келіхі напаўнялі крывёю ахвярных жывёлаў, каб потым выліць яе на алтар". Гісторыю літургічнага келіха расказвае кс. Андрэй Кеўліч. 

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з тым, як паводле навучання Касцёла арганізуецца сакральная прастора. Сёння працягваем нашыя разважанні.
Літургічныя рэчы з'яўляюцца элементамі літургіі, неабходнымі для яе здзяйснення. Першапачаткова для цэлебрацыі Эўхарыстыі выкарыстоўваліся рэчы штодзённага ўжывання. Толькі з цягам часу пачалі вырабляць спецыяльна прызначаны для гэтага посуд і іншыя прадметы. Неабходным патрабаваннем для вырабу літургічных рэчаў з'яўляется выкарыстанне матэрыялаў "высакародных, трывалых і адпаведных для сакральнага ўжывання" (Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 326), каб яны былі годныя таямніцы, у якой будуць выкарыстоўвацца. Гэтыя рэчы павінны быць адпаведна благаслаўлены, а таксама выкарыстоўвацца і абслугоўвацца з пашанай (асабліва тыя рэчы, якія неабходны для кансэкрацыі і захоўвання хлеба і віна). Кожная літургічная рэч мае сваё прызначэнне, а многія з іх – глыбокую сімволіку.
КЕ́ЛІХ (лац. calix)
У Старым Запавеце келіхі напаўнялі крывёю ахвярных жывёл, каб потым выліць яе на алтар і акрапіць народ, што было знакам заключанага запавету. Езус нагадаў менавіта гэтую практыку падчас Апошняй Вячэры, калі сказаў, трымаючы келіх: “Гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў“ (Мц 26, 28). Такім чынам, келіх з'яўляецца знакам мучаніцтва, крывавай ахвяры. Таму ў Аліўным садзе спрадвечны Сын просіць Айца, каб Яго абмінуў “гэты келіх“
Келіх — гэта вялікая эўхарыстычная чаша, у якую наліваецца віно для кансэкрацыі. Адносна яго формы не існуе ніякіх дакладных прадпісанняў, аднак, паводле звычаю, ён нагадвае адкрыты падвяночак ліліі. У старажытныя часы ён рабіўся ў выглядзе, падобным да яблыка, каб нагадаць нам, што менавіта праз заслугі Найдаражэйшай Крыві Хрыста, якая знаходзіцца ў келіху, быў адкуплены грэх Адама, які з’еў забаронены плод.
Шматлікія літургічныя аўтары кажуць, што келіх, якім карыстаўся наш Боскі Пан на Апошняй вячэры, быў зроблены падобным да рымскага кубка cantharus — з двума вушкамі злева і справа, за якія гэты кубак падымалі, — а ягоны аб’ём быў роўны адной пінце з паловай (каля 850 мл) (Bona, Rer. Liturg., 290; гл. таксама аб’яўленні Анны Кацярыны Эммерых). Паводле сведчання Беды, якое цытуе Бароній (Anno 34, No. 63), гэты келіх быў зроблены са срэбра і доўгі час захоўваўся ў Ерузалеме, дзе людзі акружалі яго вялікай пашанай. Аднак усяму гэтаму альбо прынамсі асноўнай частцы супярэчаць найвялікшыя літургічныя аўтары, і вельмі справядліва. Бо цяпер шырока вядома, што Беда, які сфабрыкаваў гэтую гісторыю, быў не англійскім Бедам, якога завуць Вялебным, а нейкім чалавекам па імені Адамнамус Скот, чыім словам не вельмі давяралі (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., p. 82, note).
Большасць кажа, што келіх нашага Пана быў выраблены з агату і нейкім чынам трапіў да насельніцтва Валенcіі, якое захоўвае яго з вялікай дбайнасцю (Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., p. 124).
Матэрыял, з якога робіцца келіх. — Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, келіх павінен быць зроблены з золата альбо срэбра, альбо каб прынамсі ягоная чаша была зроблена з гэтых металаў. Аднак вельмі бедным касцёлам часам даецца дазвол выкарыстоўваць келіх з волава пры ўмове, каб прынамсі ўсярэдзіне чаша была пазалочаная. Ножка ж келіха можа быць зроблена з любога цвёрдага матэрыялу, калі толькі ён прыстойны і не ламаецца лёгка. Келіхі з латуні, шкла альбо дрэва цалкам забароненыя: з латуні, бо яны ржавеюць; са шкла, бо яны крохкія; а з дрэва з-за яго вялікай порыстасці. Аднак, несумненна, у самыя раннія дні хрысціянства, асабліва падчас пераследу, келіхі часта рабілі не з золата ці срэбра. У катакомбах знайдзена шмат келіхаў са шкла (Northcote, Roman Catacombs, passim), і ёсць вельмі надзейнае сведчанне, што такія келіхі часта выкарыстоўвалі для цэлебрацыі Імшы. Напрыклад, Папа Грыгорый Вялікі кажа, што св. Данат, біскуп Арэца, карыстаўся келіхам з гэтага матэрыялу і што, калі гэты келіх разбівалі язычнікі, гэты святы чалавек праз вельмі шчырую малітву вяртаў келіх да зыходнай формы (lib. i. Dial. cap. vii.).
Св. Цэзар, біскуп Арля ў Францыі, часта карыстаўся шкляным келіхам. І святы Грыгорый Турскі кажа нам пра такі келіх, які ён сам выкарыстоўваў і які выпадкова разбіўся, але быў адноўлены пра заступніцтва св. Лаўрэнція (Bona, 290). Трэба, аднак, заўважыць, што выкарыстанне шкляных келіхаў ніколі не было паўсюдным у Касцёле і што такое іх ужыванне тлумачылася крайняй неабходнасцю.
Келіхі з дрэва. — Часам, таксама ў цяжкіх абставінах, выкарыстоўваліся келіхі з дрэва. Цудоўны выраз наконт гэтага быў запісаны за святым Баніфацыем. Калі на Трырскім саборы ў яго спыталіся, што ён думае пра практыку ўжывання драўляных келіхаў пры цэлебрацыі Імшы, ён адказаў наступнае: “У старажытныя часы на Імшы залатыя святары ўжывалі драўляныя келіхі, а цяпер на Імшы драўляныя святары ўжываюць залатыя келіхі” (Bona, ibid.). Каноны англійскага караля Эдгара цалкам забаранялі келіхі з дрэва (ibid.).
Тое, што сваё выкарыстанне, прынамсі ў выключных выпадках, знаходзілі келіхі з камня і мармуру, мы бачым з жыццяпісу архімандрыта св. Тэадора Студыта з вялікага манастыра ў Канстанцінопалі, які меў тую ж назву. Пра яго сказана, што, калі гэты святы чалавек павялічыў свой манастыр, ён замяніў святое начынне з мармуру на начынне са срэбра (Bona, ibid.; гл. таксама жыццяпіс святога).
У некаторых месцах таксама існаваў звычай рабіць келіхі з каштоўных камянёў: оніксу, сардоніксу, хрызаліту і інш., а таксама з рогу і слановай косці. Сярод упрыгожванняў, якія Папа Віктар ІІІ (ХІ ст.) падарыў знакамітаму кляштару Монтэ-Касіна, знаходзіліся два келіхі з оніксу (ibid.). Келіхі з рогу былі забароненыя яшчэ ў восьмым стагоддзі (ibid.). У 813 годзе Рэймскі сабор пастанавіў, што і келіх, і патэна павінны быць зроблены з золата альбо прынамсі срэбра. У выпадку вялікай беднасці дазваляліся келіхі з волава. Сурова забаранялася, незалежна ад неабходнасці, здзяйсняць кансэкрацыю ў келіху з дрэва альбо шкла (Kozma, 83, note).
Упрыгожванне келіхаў. — З-за вялікай пашаны, якую хрысціяне ранніх часоў праяўлялі да ўсяго, што было звязана з нашым Боскім Панам, келіхі акружаліся вялікай дбайнасцю і ўпрыгожваліся з вялікім мастацкім талентам. Сюжэты зазвычай браліся з жыцця Збаўцы на зямлі: уваскрашэнне Лазара з мёртвых, перамяненне вады ў віно ў Кане, памнажэнне хлябоў, вяртанне згубленай авечкі; аздараўленне хворых ці суцяшэнне пакутуючых.
Дно шклянога келіха, які быў знойдзены ў катакомбах і згаданы айцом Норткоўтам ў сваёй працы пра рымскія катакомбы, прадстаўляе чатыры розныя сцэны, узятыя з Пісання: першая — Тобій і рыба, другая — наш Пан аздараўляе паралізаванага, трэцяя — юнакі ў распаленай печы; чацвёртая — перамененне вады ў віно ў Кане. Іншы келіх, які апісваецца ў той жа працы, мае на сабе эмаляваныя фігуркі Найсвяцейшай Дзевы і св. апосталаў Пятра і Паўла.
Дапаможныя келіхі. — У той час, калі пераважала практыка прыняцця вернікамі Камуніі пад абедзвюма постацямі , для раздачы Найдаражэйшай Крыві выкарыстоўваліся келіхі, якія называліся дапаможнымі. Імі зазвычай распараджаўся дыякан, і менавіта ягоным абавязкам было раздаваць Камунію з гэтых келіхаў. Келіх, які тады выкарыстоўваў святар, называўся ахвяравальным келіхам: ён быў адасоблены для самога святара і тых, хто яму дапамагаў. Паколькі ўсе астатнія келіхі напаўняліся з яго, у тыя дні ён быў адпаведных памераў. Калі ж лічба тых, хто прымаў Камунію, была вельмі вялікай, дапаможныя келіхі таксама былі вельмі вялікімі, а Найдаражэйшая Кроў змешвалася з невялікай колькасцю віна, каб яна раптам не скончылася (Benedict XIV., De Sacrosanct. Missae Sacrif, p. 27; Bona, 291, 292; Kozma, 83; Bellarmine, De Sacrif. Missae, lib. iv. cap. xxiv.).
Хрысцільныя келіхі. — Гэтыя келіхі выкарыстоўваліся выключна для ўдзялення Камуніі дзецям пасля іх хросту. Такі звычай калісьці меў месца ў Заходнім Касцёле, а на Усходзе ён захоўваецца дагэтуль.
Келіх на Усходзе. — Надзвычайная пашана, якую ўсходнія хрысціяне, як схізматыкі, так і артадаксальныя, маюць да святога начыння, непасрэдна звязанага з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, заслугоўвае ўсялякага адабрэння. Копты не дазваляюць, каб у склад келіха было падмяшана штосьці, акрамя самых каштоўных металаў; і нягледзячы на амаль паўсюдную беднасць іхняга народа, яны заўсёды дбаюць, каб іхнія келіхі рабіліся з найчысцейшага срэбра ці золата (Renaudot, Liturg. Orient. Collect., comment, ad Liturg. Copt. S. Basilii, vol. i. p. 175).
Большасць усходніх хрысціянаў не пераймаецца асвячэннем келіхаў. Але гэта не праз нейкую бесклапотнасць альбо непавагу з іх боку, а праз жывую веру, якую яны маюць у рэальную прысутнасць нашага Боскага Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і ў годнасць, якая паўсюль спадарожнічае гэтай святой прысутнасці. Прычына таго, што яны не звяртаюць увагі на асвячэнне келіха, заключаецца ў тым, што, на іх думку, просты кантакт з Найдаражэйшай Крывёю сам па сабе дастатковы для яго асвячэння без аніякіх дадатковых абрадаў. У пацвярджэнне гэтай веры прыводзяцца шматлікія прыклады цудоўнага характару. Копты, напрыклад, запісалі ў патрыярхальнай гісторыі Александрыі выпадак, калі адзін з іх келіхаў быў скрадзены мусульманамі і прададзены рамесніку. Калі гэты рамеснік зламаў келіх, ён убачыў, як з яго выцякае кроў. Іншая гісторыя ёсць у нестарыянаў: яна пра чалавека, які амаль разбіўся насмерць пасля падзення са сцяны, але зноў атрымаў здароўе і сілы, калі выпіў ваду з келіха. Апісваюцца і іншыя цуды, але мы лічым, што гэтых пакуль дастаткова. Вера ў тое, што келіх асвячаецца кантактам з Найдаражэйшай Крывёю, належала не толькі ўсходнім хрысціянам: некаторыя вельмі кампетэнтныя тэолагі лацінскага Касцёла таксама яе падтрымлівалі (Renaudot, ibid.; Merati, Thesaur. Sacr. Rit., 126). Але ў нашай практыцы было заўсёды прынята асвячаць келіхі, незалежна ад таго, што пра гэта казалі тэолагі ці іншыя асобы.
Трэба, аднак, заўважыць, што хоць многія ўсходнія хрысціяне не асвячаюць келіхаў, у іх абрадах ёсць адмысловая форма для гэтага асвячэння. Згодна з копцкім рытуалам, форма наступная: “О Пане Езу Хрыстэ, Бог і чалавек, чыя боская і чалавечая прырода нераздзяляльныя, Ты па сваёй уласнай свабоднай волі праліў сваю Кроў дзеля свайго стварэння, выцягні сваю боскую руку над гэтым келіхам, асвяці і ачысці яго, каб у ім магла знаходзіцца тая ж Найдаражэйшая Кроў як лек і прабачэнне для ўсіх, хто праўдзіва яе прымае”. Затым келіх памазваецца святым хрызмам усярэдзіне і звонку, і пры гэтым прамаўляюцца наступныя словы: “Святасць, чысціня, благаслаўленне і абарона ўсім, хто п’е Тваю сапраўдную і каштоўную Кроў. Амэн”. Згодна з грэцкім рытуалам (Goar, Euchology, p. 853), абрад пасвячэння амаль такі самы.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00