Пра пачуцці перад сакрамэнтам пакаяння і паяднання, а таксама пра тое, што не з'яўляецца споведдзю распавядае а. Анджэй Юхневіч ОМІ, пробашч Парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне.

Пахвалёны Езус Хрыстус! Працягваем нашы супольныя разважанні на тэму святой споведзі. Гэты час даручаем Божай Маці, святому Міхалу Арханёлу, каб яны апекаваліся намі і дазвалялі ўсё больш адкрываць блізкага Бога і прысутнасць Бога ў сакрамэнтах, асабліва ў сакрамэнце споведзі.
Сёння я хачу найперш закрануць асацыяцыю, якая ўзнікае ў сувязі са святой споведдзю. Думаю, папулярным пры падыходзе да споведзі будзе адчуванне нейкага страху — проста баюся! Некалі я чуў такі аповед пра дзвюх дзяўчынак, якія рыхтаваліся да першай Камуніі і споведзі і, вядома, перажывалі стрэс. І адна другой перад споведдзю кажа: “Хай будзе, што будзе, я пайшла”. Ёсць нейкая форма перажывання, страху.
Што гэта за пачуццё страху? Калі яго разгледзець больш уважліва, то насамрэч гэта не страх, а форма сораму. Я саромеюся, і гэта можа перараджацца ў нейкую форму боязі, калі я баюся ісці туды. Я саромеюся.
І гэты сорам — вельмі добрая справа, і трэба да яго прыгледзецца. Насамрэч пачуццё сораму не з’яўляецца дрэнным. Увогуле трэба сказаць, што не існуе дрэнных пачуццяў: усе пачуцці — гэта інфармацыя; некаторыя проста складана перажываць. Тым не менш што нам кажа сорам, які мы можам перажываць? Дзве рэчы. Першая: гэта пачуццё, якое абараняе нашую інтымнасць — тое, што найбольш унутранае, што найбольш маё, што я не хачу ўсім паказваць, не хачу, каб усе ведалі аб гэтым.
Напрыклад, калі нехта ідзе да лекара, і яму кажуць: распранайцеся, тады чалавек можа адчуць сорам, таму што ён адкрывае нешта асабістае. Альбо нават такая сітуацыя, што калі мне трэба перажагнацца перад ежай у рэстаране або нейкім, напрыклад “Лідо”, то таксама магу адчуваць нейкую форму сораму. Чаму? Таму што для мяне гэта вельмі каштоўная, асабістая, можна сказаць, вельмі інтымная рэчаіснасць — мая вера, і я не хачу, каб яе патапталі і абсмяялі іншыя. Таму я магу адчуваць сорам. Сорам мяне атуляе, як анёл-ахоўнік; ён абараняе маю інтымную сферу.
Другая рэч: сорам, які я адчуваю перад святой споведдзю, інфармуе мяне пра тое, што я не маньяк. Калі б я не адчуваў сораму за тое, што зрабіў нешта дрэннае, то тады можна лічыць, што я маньяк. Чалавек, які саромеецца свайго дрэннага дзеяння, з’яўляецца вельмі нармальным чалавекам. Таму гэта добрае пачуццё ў тым сэнсе, што яно нармальнае, калі перад споведдзю я саромеюся называць свае грахі.
Зноў-такі, хачу сказаць пра тое, што трэба абуджаць у сабе гэты вобраз Бога, які з’яўляецца Прысутнасцю, поўнай любові, дзе я падыходжу да споведзі не як да суддзі, а як да Асобы, якая мяне любіць і чакае. Перажыванні самой споведзі я буду закранаць іншым разам, але трэба напачатку абуджаць свядомасць, што я сустракаю Бога, які мяне любіць. Тады гэтае пачуццё сораму будзе мяне не блакіраваць, а настройваць, што я адкрываю нешта вельмі асабістае Лекару маёй душы, нешта асабістае майму Кардыёлагу, які ведае рытм майго сэрца, майму Богу.
Яшчэ адна справа наконт сораму. Варта адрозніваць пачуццё віны ад так званага пачуцця граху. Ёсць дзве рэчаіснасці: пачуццё віны і пачуццё граху, якое мае зусім іншыя карані. Заўважце, што на старонках Евангелля мы сустракаем Езуса, Які ніколі не абвінавачвае і ніколі не выклікае пачуцця віны. Ці гэта будзе чужаложніца, ці гэта прыпавесць пра загубленую авечку, ці пра марнатраўнага сына — нідзе Хрыстус не выклікае пачуцця віны. Да Яго прыходзяць, але не адчуваюць сябе вінаватымі ў тым сэнсе, што Пан Бог адкіне. Кожны падыходзіць, бо ўсведамляе грэх, які здзейсніў. Бог ніколі не абвінавачвае, а збаўляе. У гэтым ёсць асноўная розніца. Пачуццё граху бярэцца з таго, што я Бога пакрыўдзіў. Пачуццё віны вынікае з псіхікі і з’яўляецца добрым пачаткам навяртання, але не асноўным. Пачуццё віны можа з’явіцца, але не трываць. Трэба гнаць яго, як мага хутчэй. Не трэба трываць у пачуцці віны, яно не патрэбнае чалавеку. Трэба пераходзіць далей: я прыходжу да Бога, які мяне не абвінавачвае, — Ён хоча мяне збавіць. Я прыходжу да Бога, які дае мне новы пачатак, бо Ён мяне любіць.
Пачуццё граху заўсёды мае рэлігійную аснову, аснову веры. Я ўсведамляю, што нейкім чынам выступаў супраць Бога, і хачу гэта змяніць. Я шкадую аб гэтым, прыходжу і прашу Бога, каб Ён дзейнічаў.
І яшчэ тры такія справы на заканчэнне. Чым споведзь не з’яўляецца? Чаго не трэба рабіць на споведзі? Найперш не трэба распавядаць свайго жыцця. Можа быць так, што гэта будзе першая споведзь, а я прыйшоў дарослым чалавекам і мне трэба расказаць свае грахі за ўсё жыццё. Гэта так званая генеральная споведзь, калі я спавядаюся за ўсё сваё жыццё. Але ў цэлым не трэба распавядаць, колькі ў мяне дзяцей, хто дзе вучыцца, хто якія ўніверсітэты закончыў, колькі дзяцей у маіх дзяцей, колькі ў мяне праўнукаў — не трэба распавядаць гэтыя рэчы. Споведзь з’яўляецца вызнаннем грахоў. Матэрыя, можна сказаць, тэма споведзі — мае грахі, з якімі я прыходжу.
Другая рэч, якой не з’яўляецца святая споведзь, гэта споведдзю з жыцця іншых. Гэта значыць, што я не распавядаю пра грахі свайго мужа, пра суседку, якая так і так грашыць, не распавядаю пра цешчу, яшчэ пра іншых асоб. Я спавядаюся са сваіх грахоў, а не з грахоў іншых людзей.
І трэцяя рэч, якой не з’яўляецца споведзь, гэта апавяданнем пра сваю святасць і дасягненні. Я не распавядаю, колькі ружанцаў памалілася, колькі крыжовых шляхоў за дзень адпраўляю, колькі набажэнстваў, у колькіх святых Імшах удзельнічала. Гэта не патрэбна для святой споведзі, не належыць да тэмы, да матэрыі святой споведзі.
Значыць, яшчэ раз. Споведзь не з’яўляецца аповедам свайго жыцця (гэта вызнанне грахоў). Яна не з’яўляецца споведдзю з грахоў іншых людзей. І трэцяя справа: я не хвалюся, не распавядаю пра сваю святасць, пра свае дасягненні. Я прыходжу да споведзі, каб больш любіць і быць больш узлюбленым.
Дзякуй вялікі за ўвагу! Пахвалёны Езус Хрыстус!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00